Навіны Аналітыка

Алесь Лагвінец: «Русскому миру» можна супрацьстаяць толькі нацыянальнай кансалідацыяй

Алесь Лагвінец: «Русскому миру» можна супрацьстаяць толькі нацыянальнай кансалідацыяй

2000 Праглядаў Мінск Масква
Агрэсіўнасць расійскай прапаганды, што шалёнымі хвалямі накатвае на беларусаў з экранаў тэлевізараў, цяжка сумяшчаецца з традыцыйнымі схільнасцямі беларусаў да спакою, парадку ды прыстойнасці.

Інфармацыйная вайна, якую развязала Расія супраць Украіны і ўвогуле супраць праеўрапейскіх памкненняў былых постсавецкіх рэспублік, відавочна зачапіла Беларусь. Гэта мякка кажучы, улічваючы дамінаванне расійскага ТБ у беларускай інфармацыйнай прасторы. На думку палітолага, намесніка старшыні руху «За свабоду» Алеся Лагвінца, разумеюць гэта і ўлады, якія праз дзяржаўныя тэлеканалы і друкаваныя СМІ спрабуюць трансляваць больш узважаную пазіцыю.

— Крышку дзяржаўныя медыі штосьці ўжо робяць, то бок сітуацыя ўжо не такая чорна-белая ў іх асвятленні, бо яны загнаныя ў пастку — не могуць паўтараць выключна тое, што робіцца расійскімі медыямі, — распавядае Алесь Лагвінец «ЕўраБеларусі». — Першае, таму што не такія яны ўжо і прафесіяналы ў прапагандзе. Другое, гэтая прапаганда можа быць скіраваная супраць іх. Бо ўладам трэба знайсці нейкая сваё месца нават у гэтым «Русском мире».

Таму такія крокі як адкрыццё таго ж помніку Альгерду, як усё ж такі пэўнае выкарыстанне беларускай мовы, як заявы кіраўніка Беларусі адносна Ўкраіны і дзеянні — прысутнасць Лукашэнкі на інаўгурацыі ў Кіеве, датэрміновае вызваленне Алеся Бяляцкага — гэта пэўныя крокі, якія паказваюць, што ўладам не вельмі камфортна ў такім паўнафарматным «Русском мире» як яго разумеюць у Крамлі. І таму гэтыя крокі дыстанцавання ёсць — пытанне, як выкарыстаць іх на карысць таго, каб у нашым грамадстве было большае разуменне інтарэсаў Беларусі, большае разуменне важнасці нацыянальнай згоды.

— Але ці не занадта далёка ўвайшла расійская прапаганда ў свядомасць беларусаў? Грамадства радыкальна падзелена Майданам і расійскай трактоўкай украінскіх падзеяў.

— Ёсць пагроза гэтага — велізарная, але, мне падаецца, не ўсё страчана, паколькі, па-першае, беларусы наўрад ці хочуць ваяваць. А мы бачым, што расійская прапаганда — яна вельмі агрэсіўная. Так, хутчэй за ўсё, беларусы ёсць усё ж пасіўнымі ўспрымальнікамі прапаганды. Але ў той жа час яны маюць пэўны інтарэс — яны хочуць парадку, спакою і прыстойнасці, каб было па-людску.

І з гэтага пункту гледзішча — і дваццаць год незалежнасці, і наша блізкасць да літоўцаў, да палякаў, і нашы кантакты з імі ўсё ж такі ёсць пэўнай зарукай, што справы ў Беларусі могуць пайсці іншым шляхам. У нас будзе свой беларускі шлях, шлях рэвалюцыі духу, але калі ён наступіць — гэта немагчыма прызначыць альбо сфармуляваць і зафіксаваць. Але ў кожным разе шанцы на гэта маюцца — пакуль ёсць беларуская дзяржава, пакуль ёсць беларусы, якія ганарацца тым, што яны беларусы і якія хочуць будаваць сваю незалежнасць.

— І як беларусам рэалізаваць свае жаданні? Майдан — наўрад ці гэта выбар большасці беларусаў.

— Пытанне крытычнай масы і супольных дзеянняў. Калі людзі будуць мець аднолькавую рэакцыю на несправядлівыя дзеянні і салідарна на гэта рэагаваць. Патрэбна кансалідавацца беларусам, неабыякавым беларусам. Улада сёння робіць вельмі мала, практычна нічога дзеля таго, каб у грамадстве быў дыялог, была нацыянальная згода.

Варта пераканаць як бальшыню беларусаў, якія яшчэ ахопленыя сваёй абыякавасцю, так і ўладу, што мы — грамадзяне Беларусі — маем інтарэс у тым, каб размаўляць паміж сабой, каб слухаць адзін аднаго. І відавочна пратэст — гэта права любога грамадзяніна, права на мірны пратэст. Негвалтоўны супраціў — нашмат больш паспяховы, чымсьці той, які вядзе да велізарных стратаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны