Навіны Навіны Беларусі

Васіль Быкаў: народная памяць

Васіль Быкаў: народная памяць

2805 Праглядаў Мінск Бычкі
Роўна 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава, і амаль адзінаццаць з іх — без Вялікага творцы. «Сумленне нацыі», «беларускі прарок» — якімі толькі эпітэтамі не адорвалі калегі і чытачы Народнага пісьменніка Беларусі. 19 чэрвеня неабыякавыя да асобы Быкава, а таксама да ягонае творчасці прыйшлі на Усходнія могілкі, дзе спачывае класік.

"Гэта постаць, якая дае лепшае разуменне, чым ёсць Беларусь, пра лёс беларусаў і таксама – якая можа быць грамадзянская пазіцыя дзеля служэння сваёй Бацькаўшчыне", - кажа ў каментары "Белсату" намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец.

Ён пісаў праўду пра вайну настолькі, наколькі гэта было магчыма ў гады савецкае цэнзуры, натуральна, творы Быкава карэктаваліся. Днямі да юбілею пісьменніка выйшаў двухтомнік у быкаўскім варыянце, без правак. Сярод твораў – вядомыя аповесці “Мёртвым не баліць” і “Сотнікаў”.

"Я набыла і для сябе, і для сваіх сяброў, беларусаў, якія цяпер не жывуць на Радзіме, але вельмі прасілі мяне. Калі мы не будзем памятаць Быкава, то, я баюся, і Радзіму сваю можам забыцца", - адзначыла чытачка.

Памяць пра пісьменніка захоўваюць і тыя, хто гэтымі днямі прыязджае ў Бычкі, на малую радзіму Васіля Быкава. Тут у доме-музеі праходзяць літаратурныя чытанні, ужо традыцыйна тут адбываюцца і мастацкія пленэры.

"У сядзібе Васіля Быкава я маляваў неаднойчы, таму сёння я настроены на гэтым пленэры аддаць увагу тым мясцінам, дзе ён хадзіў, што ён бачыў, ягоным роздумам", - распавёў мастак з Лепеля Алесь Саўчанка.

19 чэрвеня ж у былым лецішчы Васіля Быкава ў Ждановічах адчынілі новы музей пісьменніка.

Адметна, што сваякі творцы прысутнічаць на афіцыйным адкрыцці адмовіліся. Затое на ім пабывалі міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня праўладнага саюзу пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. Натуральна, чыноўнікі не згадалі, як цалкам адданы беларускасці Быкаў крытыкаваў уладу. Творы пісьменніка перасталі выдавацца, пачалося цкаванне на ўсіх узроўнях.

"Пасля таго, як Лукашэнка стаў, тады ўжо сталі па радыё на Васіля гразь вярнуць. Пастаянна, колькі разоў сама чула. А ён, як былі выбары прэзідэнта, хацеў Пазняка каб абралі", - прыгадала спадарыня Валянціна, сястра Васіля Быкава.

Апошнія гады жыцця Быкаў быў вымушаны жыць за мяжою: спачатку ў Фінляндыі, пасля ў Нямеччыне і Чэхіі. На Радзіму цяжка хворы Васіль Быкаў вярнуўся за месяц да смерці. Галоўным жа сведчаннем народнае любові стала развітанне з класікам – тады за труною Вялікага беларуса цякла шматтысячная жалобная рака пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

І цяпер, здаецца, памяць пра пісьменніка жыве выключна ў народзе.

"Напярэдадні дня народзінаў, 90-годдзя, юбілею народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава па беларускім тэлебачанні, прынамсі наколькі мне вядома, увогуле не было ніякай інфармацыі пра гэта, пры тым, што нават расейскі канал “Культура” паказаў адмысловую перадачу", - адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

І яшчэ некалькі прыкладаў “забыцця”. Напярэдадні ў Менску ўлады замалявалі графіці, прысвечанае юбілею Васіля Быкава, а ягоных аўтараў пакаралі шматмільённымі штрафамі. Нягледзячы на звароты грамадзянаў, вуліца імя Быкава ёсць толькі чамусьці ў Смалявічах, але ні ў Менску, ні ў Горадні, ні ў іншых гарадах, звязаных з ягоным жыццём і творчасцю. Відаць, дараваць пісьменніку грамадзянскае пазіцыі ўлады не могуць нават пасля ягонае смерці.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны