Навіны Аналітыка

Ці засвоілі мы ўрокі Быкава?

Ці засвоілі мы ўрокі Быкава?

2313 Праглядаў Бычкі
Сёння, 19 чэрвеня, Васілю Быкаву споўнілася б 90 год. Да дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі Pyx.by правёў апытанку сярод лаўрэатаў прэміі ягонага імя «За свабоду думкі».

Яны распавялі, што значыць постаць Быкава для Беларусі і іх асабіста, а таксама пра тое, па якіх крытэрах абіралі новага лаўрэата ў гэтым годзе. Пакуль яго імя трымаецца сакрэтам і будзе названа 21 чэрвеня на адмысловай цырымоніі.

Палітык Павел Севярынец, лаўрэат прэміі імя Быкава "За свабоду думкі" ў 2008 годзе:

- Васіль Быкаў – гэта ключавая постаць 20 стагоддзя, пісьменнік, які напісаў праўду пра самую страшную вайну. Паколькі ён пісаў праўду ў імперыі хлусні СССР, то гэта ўдвая больш каштоўна.

Для мяне творчасць Быкава – гэта ўзор прозы сусветнага ўзроўню. Каб зразумець Беларусь, беларускую душу, трэба чытаць Быкава.

Мастак Алесь Пушкін, лаўрэат прэміі імя Быкава "За свабоду думкі" ў 2009 годзе:

- Урокі Васіля Быкава – гэта праўда пра складаныя часы для Беларусі. Мы павінны да канца ўсвядоміць падзеі Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага беларусы змогуць рухацца далей і сустракаць выклікі сучаснасці, якія ўзнікаюць цалкам нечакана.

Я з нецярпеннем чакаю адкрыцця экспазіцыі ў новым музеі Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі хачу бачыць там быкаўскіх персанажаў – алегарычных быкаўскіх персанажаў. Беларуса, які думаў пра Беларусь і змагаўся супраць савецкіх войскаў, нелюдзя, Сотнікава – чыстага і смелага. Вельмі хацелася б іх пабачыць, каб сказаць самому сабе, што мы засвоілі ўрокі Быкава.

Музыка Лявон Вольскі, лаўрэат прэміі імя Быкава "За свабоду думкі" ў 2012 годзе:

- Цяжка пераацаніць значэнне Васіля Быкава. Гэта адна з найвялікшых асобаў Беларусі, па таленце, міжнародным прызнанні.

У нас у школе мала каго чыталі, а вось Быкава прачыталі амаль усе, акрамя хіба зусім ужо двоечнікаў.

Мастак Алесь Марачкін, лаўрэат прэміі імя Быкава "За свабоду думкі" ў 2013 годзе:

- Быкаў мае вялікае значэнне і для Беларусі, і для мяне асабіста. У мяне ёсць чатыры чалавека, якія ўжо адышлі, - Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Караткевіч. Ведаючы іх асабіста, я разважаю, як бы ён паступіў у складанай сітуацыі. Так я правяраю сябе на гэтых значных постацях. Перш за ўсё, канечне, на Быкаве.

Лявон Вольскі, абіраючы лаўрэата прэміі у гэтым годзе, шукаў у кандыдата творчую незалежнасць, адсутнасць унутранага цэнзара.

"Паколькі прэмія называецца "За свабоду думкі", то я шукаў чалавека ўнутрана свабоднага, - адзначыў Павел Севярынец. - Для мяне гэта святар ці чалавек, які нясе крыж да іншых. Мой ідэал - гэта Іісус Хрыстос".

Абіраючы лаўрэата, Алесь Марачкін адзначыў, што для яго было важна, каб чалавек быў творчай асобай, а таксама займаў цвёрдую грамадзянскую пазіцыю па беларускім пытанні.

Нагадаем, уручэнне прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі", заснаванай старшынём Руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам, пройдзе 21 чэрвеня ў вёсцы Бычкі, на радзіме пісьменніка. Імя лаўрэата гэтага года стане вядомым непасрэдна на цырымоніі. Новага лаўрэата па традыцыі абіраюць уладальнікі прэміі мінулых гадоў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны