Навіны Навіны Беларусі

Быкаўскі тыдзень падсумуе ўручэнне прэміі «За свабоду думкі»

Быкаўскі тыдзень падсумуе ўручэнне прэміі «За свабоду думкі»

2738 Праглядаў Мінск Бычкі
Бягучы тыдзень можна назваць Быкаўскім: на яго прыпадае 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка (19 чэрвеня) і шэраг падзей, звязаных з Васілём Уладзіміравічам.

Напрыклад, графіцісты са стрыт-арт-суполкі Signal у двары на плошчы Перамогі спрабавалі намаляваць вялізны партрэт Быкава на трансфарматарнай будцы. Адбывалася гэтая акцыя ў тым ліку пры падтрымцы Руху “За Свабоду”.

На жаль, гарадскія ўлады адрэагавалі штрафамі мастакам, а зроблены напалову твор замалявалі.

Падсумуе Быкаўскі тыдзень цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Уганараванне сёлетняга лаўрэата адбудзецца 21 чэрвеня традыцыйна на радзіме Быкава – у вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.

Суботнюю цырымонію разнастаяць сяброўская бяседа, выступы вядомых музыкаў і віктарына, прысвечаная Васілю Быкава. Будуць разыграныя нядаўна выдадзеныя непадцэнзурныя аўтарскія варыянты аповесцяў “Мёртвым не баліць”і “Ліквідацыя” (“Сотнікаў”).

Нагадаем, прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.

Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.

Лаўрэатамі прэміі “За свабоду думкі” мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, летась музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін.

“Лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не Рух “За Свабоду”, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, - кажа старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны