Навіны Беларусь і Свет

Кіраўніцтва Казахстану больш адэкватнае ў візавым пытанні, чымсьці Беларусі

Кіраўніцтва Казахстану больш адэкватнае ў візавым пытанні, чымсьці Беларусі

1711 Праглядаў Мінск Астана Брусэль
Казахстан ад сённяшняга дня адмяніў у аднабаковым парадку візы для шэрагу краінаў Еўразвязу, а таксама ЗША. Рух «За Свабоду» звярнуўся з падобнай прапановай да ўладаў Беларусі, якая аднак пакуль не знайшла водгуку. Сітуацыю для сайту Pyx.by пракаментаваў палітолаг, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.

Казахстан сёння ўвёў аднабаковы бязвізавы рэжым для грамадзянаў дзесяці краінаў, якія актыўна інвестуюць у эканоміку страны. У гэтым спісе ЗША, пяць краінаў Еўразвязу (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Італія), ААЭ, Малайзія, Паўднёвая Карэя і Японія.

«Казахстан паказаў, што аднабаковая адмена візаў — гэта магчыма і што так і трэба рабіць», — кажа Алесь Лагвінец.

Ён нагадаў, што Рух «За Свабоду» 23 траўня звярнуўся з прапановай скасаваць у аднабаковым парадку візавы рэжым для грамадзянаў дзяржаваў-чальцоў і дзяржаваў-кандытатаў на ўступленне ў Еўрапейскі звяз, а таксама Швейцарыі, Нарвегіі, Ісландыі, Ліхтэнштэйну, Японіі, Канады і ЗША.

«Мы звярнуліся, бо гэта выгодна Беларусі, геапалітычна, эканамічна і прывядзе спачатку да змякчэння для беларусаў візавага рэжыму з краінамі Еўразвязу, а потым і адмены візаў», — кажа Алесь Лагвінец.

Па ягоных словах, Рух пакуль не дачакаўся адказу ад беларускіх уладаў, але ўжо заўважна, што ёсць адпаведныя грамадскія настроі і іншыя падобныя ініцыятывы.

Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» адзначыў, што ўвядзенне безвізавага рэжыму цікавае перад усім з эканамічнага пункту гледжання, бо ў краіну паедуць турысты, якія прывязуць з сабой грошы. Але ўвядзенню такога рэжыму перашкаджаюць палітычныя прычыны.

«Улады баяцца адкрыць шырэй краіну, баяцца, што ўсе заўважаць, што ў краіне — нешта не так, а самі беларусы стануць больш мабільнымі», — лічыць ён.

Канечне, дадаў Лагвінец, уладам Казахстану было прасцей пайсці на адмену візавага рэжыму, бо краіна не мяжуе з ЕЗ, няма праеўрапейскіх настрояў, жадання жыхароў бачыць сабе часткай аб’яднанай Еўропы.

«Мы як краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, павінна быць адкрытай і на захад, і на ўсход», — заключыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны