Навіны Навіны Беларусі

Адзінага назавуць толькі ў наступным годзе

Адзінага назавуць толькі ў наступным годзе

2257 Праглядаў Мінск
Абранне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах немагчыма раней за пачатак 2015 году, заявіў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Абранне адзінага рэальна немагчыма раней за пачатак 2015 году з-за таго, што застаецца яшчэ шмат нявырашаных працэдурных пытанняў», — кажа Радыё «Свабода» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, «засталіся пэўныя дэталі».

«Але нездарма кажуць, што д’ябал хаваецца ў дэталях. І тут самае галоўнае, каб адзіны кандыдат (калі ён будзе абраны) карыстаўся падтрымкай усіх суб’ектаў, якія будуць удзельнічаць у кангрэсе. Таму мы бачым, што тут спешка з прызначэннем працэдуры, калі некаторыя суб’екты ёю незадаволеныя і змогуць паставіць пад сумнеў вынікі кангрэсу, да нічога добрага не давядзе», — заключыў Губарэвіч.

АГП згодная, што на прэзідэнцкіх выбарах ад дэмакратычных сілаў павінен быць адзіны кандыдат. Партыя, якая раней настойвала на абранні такога прэтэндэнта толькі праз праймерыз, цяпер не супраць і Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але такі форум, як лічыць Анатоль Лябедзька, адбудзецца толькі на пачатку 2015 году.

«Трэба глядзець на пачатак наступнага году. Праводзіць адборы падчас летняга зацішша было б няправільна. Увосень усё толькі пачнецца», — сказаў Лябедзька.

За тое, каб кангрэс дэмсілаў праходзіў раней, выступае партыя БХД, кажа адзін з яе лідэраў Павал Севярынец.

«Мы сыходзім з таго, што падзеі ва Украіне разгортваюцца імкліва. І таму ў Лукашэнкі могуць з’явіцца новыя датэрміновыя варыянты правядзення выбараў. І з гэтага пункту гледжання абраць адзінага раней было б больш мэтазгодным. Напрыклад, увосень», — сказаў ён.

Але большасць з тых, хто цяпер вядзе перамовы пра адзінага, схіляецца да пазнейшага вылучэння, дадаў Севярынец.

«У такой сітуацыі ёсць сэнс параўнаць падзеі. Першы кангрэс дэмакратычных сілаў праводзіўся ўвосень 2005 году, хоць і тады былі прапановы адкласці яго да лютага 2006-га», — згадаў сустаршыня грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка.

«Тады меркавалася, што выбары пройдуць увосень 2006-га. А яны адбыліся ў сакавіку. І калі б тады мы марудзілі і чакалі лютага, то наогул не было б ніякага кангрэсу і не было б ніякага адзінага. У мяне меркаванне такое — чым раней з’явіцца адзіны, тым лепш», — дадаў ён.

«Грамадзянская кампанія „Гавары праўду“ ўжо гатовая да ўдзелу ў кангрэсе, незалежна ад таго, калі ён адбудзецца», — заяўляе намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.

«У нас ёсць і кандыдат — Някляеў. Ёсць і моцная ініцыятыва. І свае структуры, што мы даказалі падчас мясцовых выбараў. Таму мы не бачым тут неабходнасці спяшацца. Але няма падставы і марудзіць. Цяпер ідуць спрэчкі пра тое, як вылучаць дэлегатаў на кангрэс. Для нас тут прынцыпова, каб вылучэнне не стала магілай для еднасці ў рэгіёнах і глебай для новых канфліктаў», — адзначыў палітык.

«Пазіцыя Партыі БНФ палягае ў тым, каб абраць адзінага як мага хутчэй», — заяўляе партыйны лідэр Аляксей Янукевіч.

«Калі атрымаецца ўвосень, то гэта было б выдатна. Гэта дазволіць мабілізаваць грамадства на яго падтрымку, напрацаваць яго патэнцыял і рэйтынг. Каб ужо да пачатку афіцыйнага старту прэзідэнцкай кампаніі гэты кандыдат меў пэўны палітычны капітал. Але калі зыходзіць з рэалістычных меркаванняў, то я сёння не ўзяўся б сьцьвярджаць, што можна ўвосень вызначыць адзінага кандыдата. Можа, перамоўны і працэдурны працэсы зацягнуцца да вясны 2015 году», — завершыў Янукевіч.

Згодна з беларускім заканадаўствам чарговыя выбары прэзідэнта павінны адбыцца не пазней за 20 лістапада 2015 году. Але гэта не азначае, што яны ня могуць прайсці раней.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны