Навіны Навіны Руху

«Ён разглядае сябе адзіным гарантам незалежнасці»

«Ён разглядае сябе адзіным гарантам незалежнасці»

2269 Праглядаў
«Улада гатова да кіраванай, паступовай і прадыктаванай жыццём эвалюцыі. Але мы катэгарычна адхіляем рэвалюцыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з пасланнем да народа і парламента.

"Я супраць разбурэння да асновы. Усякі, хто заклікае да бунту, — гэта вораг не толькі ўлады, прэзідэнта, гэта, у першую чаргу, вораг нашай краіны, нашага народа, гэта вораг адзінства нашага, а значыць, і незалежнасці Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Такі радыкалізм, паводле яго слоў, будзе задушаны першапачаткова. "Мы не будзем даводзіць справу да правакацый і сутыкненняў. Любы заклік да перавароту, смуты, любая прапаганда насілля будуць жорстка знішчаны ў зародку", — папярэдзіў Лукашэнка. Пры гэтым ён абсалютна ўпэўнены, што ў гэтай справе ва ўлады будзе падтрымка ўсяго народа, "і не толькі нашага".

"Ні наш народ, ні гісторыя не даруюць тым, хто дзеля ўласнай фанабэрыі паспрабуе пасеяць смуту і раскалоць грамадства, каб дагадзіць знешнім нядобразычліўцам", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуўся да сваіх прыхільнікаў (а такіх, паводле слоў Лукашэнкі, як паказалі мясцовыя выбары, "абсалютная, пераважная большасць насельніцтва") і тых, хто крытычна ставіцца да ўлады: "У грамадстве павінна быць цярпімасць да разнастайнасці поглядаў, дыскусій і крытыкі. І адначасова абсалютнае непрыманне насілля, нянавісці і рэвалюцый".

"Мы прымаем любую апазіцыю, якая дзейнічае ў межах закону. Мы ўважлівыя да любой крытыкі, прадыктаванай шчырым болем за краіну, а не знешнімі замовамі. Мы адкрытыя для любога дыялогу, калі яго мэтай з`яўляецца карысць для Беларусі, а не прыватныя і тым больш замежныя інтарэсы", — заявіў Лукашэнка.

У каментарыі слоў кіраўніка дзяржавы, зробленым паводле просьбы БелаПАН, лідар кампаніі "Гавары праўду" экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў заявіў: замест пагроз Аляксандру Лукашэнку было б лепш правесці свабодныя выбары.

Як заўважыў палітык, "рэвалюцыя ўзнікае або не ўзнікае незалежна ад любых пагроз. Калі ствараюцца ўнутраныя ўмовы для рэвалюцыі, яна не глядзіць ні на якія пагрозы". На яго думку, беларуская Плошча па сутнасці адрозніваецца ад украінскага Майдана. "Каб не было выступленняў на Плошчы, Лукашэнку дастаткова зрабіць простую рэч, пра якую ён сёння чамусьці не кажа: яму трэба правесці справядлівыя выбары. І тады не трэба нікога палохаць, не трэба будзе нікога баяцца", — дадаў Някляеў.

На думку намесніка лідара руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча, заява Лукашэнкі адрасаваная не толькі апазіцыі, але і актыўнай частцы грамадства — "прадпрымальнікам, людзям бюджэтнай сферы, тым, хто незадаволены сваім жабрацкім становішчам у Беларусі".

Яшчэ адным адрасатам паслання, мяркуе Губарэвіч, з`яўляюцца "патэнцыяльна прарасійскія сілы". "Не выпадкова Лукашэнка на першым этапе свайго паслання прысвяціў увагу пытанням незалежнасці Беларусі. Думаю, быў ясны пасыл, што ён разглядае сябе адзіным гарантам незалежнасці, што ён зробіць усё магчымае, каб не паўтарыліся падзеі кшталту ўсходнеўкраінскіх. Таму ён загадзя папярэджвае магчымых "зялёных чалавечкаў", актывістаў прарасійскіх структур, што стаўленне да іх дзеянняў будзе жорсткае", — мяркуе палітык.

У сваю чаргу палітолаг Юрый Чавусаў лічыць, што такімі выказваннямі за год да прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка спрабуе мабілізаваць сваіх выбаршчыкаў. Апрача таго, мяркуе палітолаг, такім чынам Лукашэнка даў зразумець, што будзе і далей кантраляваць сітуацыю ў краіне.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны