Навіны Навіны Руху

Меляшкевіч: Беларусі трэба пазбавіцца энергетычнай залежнасці ад Расеі

Меляшкевіч: Беларусі трэба пазбавіцца энергетычнай залежнасці ад Расеі

3344 праглядаў
Пра тактыкі спажывецкага супраціву — «Размова Максіма Жбанкова» на «Белсаце» з актывістам Руху «За Свабоду» Юрасём Меляшкевічам.

«Байкатуючы расейскія тавары, хутчэй за ўсё мы не дасягнем аніякіх аб’ектыўна вымяральных эфектаў, – мяркуе актывіст. – Мы гаворым пра нейкія рытуальныя дзеянні, якія для нас носяць характар самазаспакаення. Пазіцыя байкатыстаў хібная паводле шмат якіх параметраў. Адзін з іх – гэта тое, што залежнасць Беларусі ад Расеі палягае не ў набыцці тавараў народнага спажывання, праблема залежнасці энергетычнай. Таму нам трэба пазбаўляцца энергетычнай залежнасці ад Расеі».

Але на ўзроўні асабістага выбару і прыватных рухаў гэтае пытанне развязаць немагчыма – спрачаецца Максім Жбанкоў з госцем: «З іншага боку, Вы адзначылі, што байкот працуе як форма самазаспакаення, а я скажу інакш. Чаму б яго не разглядаць як форму палітычнай мабілізацыі і свядомасці?»

«Калі мы гаворым пра фармаванне нейкай палітычнай культуры ў людзях, мы гаворым пра яе фармаванне ў негатыўным пасыле. У той час як яна павінна быць канструктыўная і фармаваць «за»: напрыклад, за беларускую незалежнасць. Калі мы незалежныя ад расейскіх тавараў, гэта не вядзе нас да кансалідацыі беларускага грамадства», – адказвае суразмоўца.

Аднак слоган «Не купляйце расейскае» мае свой пазітыўны бок і падтрымліваецца нашаю дзяржаваю праз заклік «Купляйце беларускае» – не пагаджаецца Жбанкоў. Праўда, задаецца пытаннем: «Чаму я мушу набываць беларускае, яно што, заўсёды лепшае? Ці могуць цукеркі ды гарэлка быць нацыянальна свядомымі ці варожымі?»

«Тавары, вядома, не ёсць носьбітамі ідэалогіяў, усё напаўняюць сэнсам людзі. І галоўнае пытанне – каго гуртаваць і ў якой колькасці. Калі свядомых – гэта добра, але мы і так стараемся не купляць расейскіх тавараў, і нас не трэба агітаваць. Але калі мы хочам, каб кампанія пашыралася і да яе далучаліся іншыя людзі, то ім трэба рабіць іншыя пасланні - кажа актывіст. - Байкот можа прывесці да канфлікту з Расеяй, да якога беларускае грамадства не падрыхтаванае. Што рабіць, калі ўвядуць новыя кошты на энерганосьбіты і заблакуюць расейскі рынак для беларускіх тавараў? Трэба быць гатовым да наступстваў учынку, а пасля рабіць».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны