Навіны Навіны Беларусі

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч — на волі

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч — на волі

2501 прагляд Гродна
Сёння на волю выйшаў палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Сярод тых, хто сустракаў яго каля выхаду з турмы, быў і старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«Каля турмы сабралося вельмі шмат людзей, — распавёў сайту Pyx.by Аляксандр Мілінкевіч. — Стаялі з глыбокай ночы, бо дакладна не ведалі, калі яго выпусцяць».

Па ягоных словах, сярод тых, хто чакаў, утварылася цёплая атмасфера. «Аўтуховіч выглядаў ўпэўнена і добразычліва. Дабрыня вельмі часта знікае ў турмах, але не ў яго», — адзначыў ён.

«Надвычай прыемна было яго абняць», — дадаў сп. Аляксандр, адназначыўшы, што даўно ведае Аўтуховіча.

Мікалай Аўтуховіч распавёў пра цяжкія ўмовы ў турме, пра тое, што да яго ўвесь час пасажвалі правакатараў, як супрацоўнікаў ворганаў, так і звычайных зняволеных. «Ён нават прасіўся ў „адзіночку“, хаця гэта і лічыцца больш цяжкім псіхалагічна. Але гэтая просьба не была задаволеная», — адзначыў Мілінкевіч.

З сабой з турмы былы палітвязень забраў з турмы дзве тысячы лістоў, якія яму напісалі з розных куткоў Беларусі і свету, ён збіраецца захаваць і стварыць свой архіў. Ён падзякаваў за падтрымку яго і ягонай сям’і.

Былы палітвязень пакуль не ведае, чым будзе займацца. Кажа, што хоча паправіць здароўе. Пры гэтым ён амаль паўтара года не здолее выязджаць за межы Беларусі, бо будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

«Аўтуховіч — гэта адзін з нешматлікіх беларусаў, якія змагаліся за справядлівасць з адкрытым забралам. Ён не падаў прашэнне на памілаванне, бо не было за што. Ён для мяне сімвал сапраўднай беларушчыны», — заключыў Мілінкевіч.

Мікалай Аўтуховіч правёў у месцах знявольвання 5 год і 2 месяцы. Ён быў арыштаваны ў 2009 годзе, у 2010 годзе суд прызнаў яго вінаватым у захоўванні пяці патронаў да паляўнічай зброі па ч. 3 арт. КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да боепрыпасаў і зброі) і прысудзіў яму 5 год і 2 месяцы знявольвання строгага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны