Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч пра санкцыі

Мілінкевіч пра санкцыі

2961 прагляд Брусэль
Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні ў Бруселі 31 студзеня прыняў палітычнае рашэнне аб рэакцыі ЕС на сітуацыю ў Беларусі. Міністры замежных спраў ЕС зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза будуць замарожаны.

У спіс трапілі 158 чыноўнікаў. У іх ліку — Аляксандр Лукашэнка і яго сыны Віктар і Дзмітрый, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, міністр абароны Юрый Жадобін, кіраўнік Савета бяспекі Леанід Мальцаў, кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, генпракурор Рыгор Васілевіч, спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка, 24 старшыні тэрытарыяльных выбарчых камісій, 30 суддзяў і 10 журналістаў дзяржаўных СМІ.

У прынятым рашэнні зазначаецца, што спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС, з`яўляецца адкрытым і можа быць перагледжаны, паведамляе БелаПАН.

Пра эканамічныя санкцыі і замарозку ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» ў высновах па сітуацыі ў Беларусі не сказана. Наадварот, «ЕС па-ранейшаму выступае за палітыку крытычнага набліжэння, у тым ліку праз дыялог і Усходняе партнёрства, і нагадвае, што ЕС пастаянна прапаноўваў Беларусі паглыбіць адносіны».

Разам з тым, як перадае Еўрарадыё, «ЕС па-ранейшаму выступае за ўзмацненне супрацоўніцтва з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. ЕС выпрацоўвае захады, каб забяспечыць неадкладную дапамогу рэпрэсаваным і затрыманым па палітычных прычынах, іх сем’ям, а таксама грамадзянскай супольнасці».

«Улічваючы тое, як брутальна беларускія ўлады правялі прэзідэнцкія выбары і працягваюць паводзіць сябе ў дачыненні да апанентаў, можна сказаць, што рэакцыя Савета міністраў замежных справаў Еўрасаюза занадта мягкая. Відавочна, еўрапейцы ў сваім рашэнні зрабілі стаўку на прынцып „Не нашкодзь“ у дачыненні да Беларусі і беларусаў, каб санкцыі кропкава трапілі менавіта па прадстаўніках улады і тых, хто яе абслугоўвае ў сумнеўных выбарчых і рэпрэсіўных кампаніях. Апрача таго, дастаткова лагодныя санкцыі — адчыненыя дзверы ў калідор дыялогу. І першы чаканы крок афіцыйнага Мінска ў яго — вызваленне палітзняволеных. У адваротным выпадку і „чорны“ спіс неўязных у ЕС чыноўнікаў можа пашырыцца, і ўсур’ёз паўстане пытанне наконт эканамічных санкцый. Хочацца спадзявацца, што мягкасць санкцый у дачыненні да ўладаў будзе суправаджацца павелічэннем падтрымкі грамадзянскай супольнасці і сапраўды візавымі палёгкамі для простых нашых грамадзян», — так пракаментаваў у інтэрв’ю Pyx.by рашэнне ЕС па санкцыях лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны