Навіны Навіны Беларусі

Кандыдат у дэпутаты Алесь Таўстыка сустрэўся з выбаршчыкамі ў пасёлку Крывічы

Кандыдат у дэпутаты Алесь Таўстыка сустрэўся з выбаршчыкамі ў пасёлку Крывічы

3674 праглядаў Мядзел Крывічы
На чэрствасць уладаў і сацыяльную несправядлівасць скардзіліся жыхары пасёлка Крывічы на сённяшняй сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты Мядзельскага раённага савета, актывіста Руху «За Свабоду» Алеся Таўстыкі.

Як распавёў сайту Pyx.by намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, сустрэча з жыхарамі Крывічаў пачалася на мясцовым рынку. Там ён, Алесь Таўстыка і намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч раздалі выбарчыя матэрыялы і паразмаўлялі з жыхарамі.

Працяг размоваў быў у мясцовай актавай залі.

«Улады спрабавалі моцна падрыхтавацца да сустрэчы, — адзначыў Алесь Лагвінец. — Пасля таго, як Алесь Таўстыка распаўсюдзіў інфармацыю пра крадзяжы, на яе прыйшоў галоўны заатэхнік мясцовага агпрадпрыемства і яшчэ некалькі чалавек, якія спрабавалі справакаваць кандыдата».

Па ягоных словах, «Таўстыка вытрымаў усе пытанні». «Улада вельмі моцна баіцца пытанняў, якія ўздымае незалежны кандыдат. І яны падрыхтавалі слабыя адказы», — дадаў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, па словах Лагвінца, распавядалі пра канкрэтныя праблемы, пра чэрствасць уладаў, трапна заўважылі пра адсутнасць справядлівасці ў заробках чыноўнікаў. Па ягоных словах, яны даведаліся пра гэта з перадвыбарчых дэкларацыяў праўладных кандыдатаў і абураліся, што насамрэч іх заробкі у дзесяць і больш разоў вышэйшыя, чым у звычайных беларусаў.

Лагвінец адзначыў, што супернік Таўстыкі на выбарах, начальнік Мядзельскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Зямніцкі, якога актывіст Руху «За Свабоду» выклікаў на публічныя дэбаты, на сустрэчу не прыйшоў.

Сам Алесь Таўстыка сустрэчай застаўся задаволены. «Пасля сустрэчы — найлепшыя адчуванні, бо збылася мая мара сустрэцца з людзьмі самых розных узростаў і сацыяльных групаў. Яны з цікаўнасцю бралі літаратуру, хацелі размаўляць, бачаць, што ў краіне — нешта не так», — распавёў ён.

Па ягоных словах, вынікі сустрэчы яшчэ раз падкрэслілі, што «мы жыхары адной краіны, мы павінны паважаць адзін аднаго, не дзяліць сабе на народзец і народ».

Нагадаем, што 10 сакавіка Таўстыка выступіў з «адкрытым публічным запытам» да СМІ і свайго суперніка на выбарах начальніка Мядзельскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандра Зямніцкага. Ён прапанаваў яму правесці публічныя дэбаты, на якіх у прыватнасці распавесці пра сітуацыю на ферме ў вёскі Сырмеж, дзе ў гаспадара чыноўнікі забралі «кароў і перадалі іх на ўтрыманне ў іншыя гаспадаркі».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны