Навіны Аналітыка

Матэрыялы «Народнай праграмы»

Матэрыялы «Народнай праграмы»

3006 Праглядаў
Завяршаецца чарговы этап складання «Народнай праграмы» — ініцыятывы па выпрацоўцы «дарожных мапаў» рэформаў у розных галінах, якія складаюцца з дапамогай экспертнага і грамадскага абмеркавання. Ён прымеркаваны да мясцовых выбараў 23 сакавіка 2014 году.

У выніку сацыялагічнага апытання на замову Руху «За Свабоду» былі вызначаны восем праблемных тэмаў, якія хвалююць грамадзян Беларусі — патэнцыйных выбаршчыкаў. Гэта — «Працэдура і ўмовы прыватызацыі горадаўтваральных прадпрыемстваў»; «Якім чынам павінны прымацца рашэнні аб будаўніцтве шкодных вытворчасцяў?»; «Захады па павышэнні якасці паслуг у галіне ЖКГ»; «Ці варта абіраць кіраўнікоў выканаўчай улады адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі усеагульным галасаваннем жыхароў гэтай адзінкі?»; «Рэформа сістэмы сярэдняй адукацыі»; «Неабходныя меры па развіцці прыватнага прадпрымальніцтва»; «Праблемы энергазберажэння»; «Прыватная ўласнасць на зямлю».

Эксперты па кожнай з гэтых тэмаў падрыхтавалі свой аналіз сітуацыі ў адпаведнай галіне і прапановы па рэфармаванні. Сярод экспертаў — выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь Калёнаў, дырэктар Аналітычнага цэнтра Саюза юрыдычных асобаў «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Анатоль Змітровіч, дацэнт кафедры міжнародных эканамічных адносін БДУ Міхаіл Залескі, каардынатар даследаванняў праекта BIPART (Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання) Іна Рамашэўская, дырэктар школы з 18-гадовым стажам Леанід Гаравы, пераможца конкурсу «Настаўнік году Магілёўшчыны-2013» Юрась Каласоўскі, юрыст-эколаг, старшыня арганізацыі «Экадом» Рыгор Фёдараў ды іншыя.

Усе тэмы выкладзены на сайт ініцыятывы prahrama.by для абмеркавання зацікаўленымі асобамі. Адбыліся круглыя сталы з удзелам іншых экспертаў.

Апрача інтэрнет-абмеркаванняў і экспертных круглых сталоў, выдаваўся бюлетэнь — чатыры выпускі па дзве тэмы з вышэй згаданых у кожным. Яны былі накладам у некалькі тысяч асобнікаў разасланы ў профільныя рэспубліканскія і мясцовыя ведамствы, а таксама іншым прадстаўнікам улады.

Тэзісныя прапановы па гэтых праблемах увайшлі у праграмы кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Да выбаршчыкаў, выкарыстоўваючы планы рэформаў «Народнай праграмы» з лакальнай адаптацыяй, звяртаюцца дзясяткі кандыдатаў. Для іх адмыслова быў выдадзены дапаможнік «Народнай праграмы».

Спампаваць тут

Першы намеснік Руху «За Свабоду», каардынатар «Народнай праграмы» Юрась Губарэвіч кажа, што яна не ёсць платформай толькі для актывістаў, блізкіх да Руху ці партнёрскіх структур: «Народная праграма» адкрытая і даступная для выкарыстання ўсім ахвотным, хто стаіць на рэфармісцкіх пазіцыях. Напрыклад, на парламенцкіх выбарах 2012 году «Народная праграма», дакладней распрацаваныя ў яе межах каля 30 накірункаў, стала грунтам для праграмаў 49 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — то бок, амаль на палове выбарчых акругаў«.

«Кандыдаты, якія карыстаюцца напрацоўваннямі „Народнай праграмы“, маюць магчымасць на якасным экспертным узроўні даваць адказы на пытанні сваіх выбарнікаў. Тым самым яны павышаюць свой аўтарытэт у вачах выбарнікаў, і, натуральна, атрымліваюць большую падтрымку», — падкрэслівае Юрась Губарэвіч, які дарэчы, у свой час перамагаў навыбарах у Белаазёрскі савет дэутатаў.

«Трэба дэманстраваць, што ёсць пазітыўная альтэрнатыва. І для гэтага прыдатныя і мясцовыя выбары, і прэзідэнцкія выбары, нават калі няма падліку галасоў. Людзі павінны пераканацца, што ёсць на каго паставіць», — кажа кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2006, былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкаму Аляксандр Мілінкевіч.

Апрача таго, у межах «Народнай праграмы» ладзіліся спецыяльныя кандыдацкія Школы. Яны прайшлі ў абласных гарадах.

Сярод удзельнікаў — кандыдаты на мясцовых выбарах з Руху «За Свабоду», таксама бралі ўдзел сябры Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, а таксама жыхары Беларусі, якія пайшлі на выбары шляхам самавылучэння праз збор подпісаў.

«Эксперты выкладалі праблемныя тэмы для кандыдатаў, праводзячы дапасаванне да сітуацый, якія могуць узнікнуць падчас камунікацыі з выбаршчыкамі», — патлумачыў намеснік старшыні Руху «за Свабоду», палітолаг Алесь Лагвінец.
Адзін з удзельнікаў школы, актывіст Руху «За Свабоду» з Мінска Алесь Таўстыка, напрыклад, навучаннем застаўся задаволены.

«Я лічу, што такія сустрэчы — вельмі патрэбныя. Трэба як мага больш часу працаваць з экспертамі, больш актыўна падаваць інфармацыю праз розныя СМІ цікаўным і людзям, якія хочуць нешта зрабіць і даведацца як зрабіць», — распавёў Таўстыка.

Для яго было цікава, як правільна падаваць скаргі, параўнанні «шэрых» працэсаў у Беларусі, Украіне, Расіі з такімі ж, але празрыстымі, у Еўрасаюзе і іншыя тэмы.

Актывіст расказаў, што ўжо пачаў выкарыстоўваць веды, атрыманыя ў «Школе кандыдатаў». У прыватнасці, напісаў запыт у структуры ЖКГ, сабраў подпісы для набыцця абсталявання ў мясцовую паліклініку. «Праблемы, якія патрабуюць вырашэння, знаходзяцца побач, літаральна ўздоўж шляху», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».

Выкладаем бюлетэні «Народнай праграмы» для спампоўкі:

Спампаваць тут

Спампаваць тут

Спампаваць тут

Спампаваць тут

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны