Навіны Аналітыка

Страхоўка ад дурня

Страхоўка ад дурня

2792 праглядаў Мінск
Удзельнікі публічнай дыскусіі на тэму выбарнасці кіраўнікоў выканкамаў абласцей, гарадоў і раёнаў прамым галасаваннем грамадзян прыйшлі да агульнай думкі, што Беларусі патрэбныя самастойныя мясцовыя ўлады. Гэтак падсумаваў абмеркаванне першы намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Хаця меркаванні экспертаў датычна неабходнасці менавіта прамога галасавання на выбарах разышліся», — адзначыў для Pyx.by Юрась Губарэвіч. На працягу месяца будзе будзе распрацаваны пакет канкрэтных рэформаў. «Задача — не толькі ў зборы подпісаў, але і ў распрацоўцы прапановаў, як будзе мяняцца сістэма», — дадаў намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў.

«Мэрскае» пытанне «Народнага рэферэндуму» застанецца без зменаў.

Публічная дыскусія ў межах абмеркавання пытанняў «Народнага рэферэндуму» прайшла ў офісе Руху «За Свабоду» 12 сакавіка.

Яна была прысвечана пытанню «Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?».

У дыскусіі ўзялі ўдзел Мечыслаў Грыб (былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання), Святлана Гальдадэ (працавала мэрам г. Гомель), Юры Варонежцаў (былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР), Аляксандр Жучкоў (абіраўся дэпутатам Мінскага гарсавету), Юры Нагорны (былы мэр г. Барань), Андрэй Завадскі (эксперт Фонда імя Сапегі і былы дэпутат Мінгарсавету) і Уладзімір Навасяд (быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, працаваў намеснікам старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні).

Беларусы не гатовыя да прамых выбараў мэраў?

Андрэй Завадскі лічыць, што прыкра адмаўляць сабе ў магчымасці абіраць кіраўнікоў свайго горада, але трэба задумацца, ці ёсць для гэтага магчымасці ва ўмовах створанай уладнай «вертыкалі». На ягонае меркаванне, прамыя выбары магчымыя толькі пасля правядзення комплексу паўнавартасных рэформаў.

Пытанне прамым ці ўскосным галасаваннем абіраць кіраўніцтва раёнаў і гарадоў нічога не вырашыць, зазначыў Мечыслаў Грыб. Ён прапанаваў пачаць з прамога абірання сельскага і раённага начальства, а больш высокае кіраўніцтва абіраць на сэсіях Саветаў дэпутатаў. «Не складана абраць кіраўніка, але потым можа быць складана ад яго пазбавіцца», — зазначыў Грыб. Ён лічыць, што беларускі народ яшчэ не зусім гатовы да прамых выбараў — і пра гэта сведчаць прэзідэнцкія выбары.

У Беларусі зараз няма мясцовага самакіравання, адзначыла колішні гомельскі мэр Святлана Гальдадэ. «Калі ў грамадстве няма дэмакратычных традыцыяў, яно запужанае і абыякавае, даваць яму такое права, як выбары кіраўнікоў гарадскіх і раённых выканкамаў, безадказна», — сказала яна, дадаўшы, што без рэформаў у абранага такім чынам кіраўніка ўсё роўна не будзе рэальных паўнамоцтваў.

Пра неабходнасць правядзення рэформаў мясцовага самакіравання казалі ўсе ўдзельнікі дыскусіі. Так, Уладзімір Навасяд адзначыў, што падобныя крокі праводзяцца звычайна дзяржавай пад час эканамічнага спаду, і ў Беларусі зараз менавіта такая сітуацыя. «Рэформа мясцовага самакіравання — страхоўка ад дурня, бо кампетэнцыі будуць падзеленыя», — адзначыў ён.

Нельга казаць, што народ не гатовы да дэмакратыі

«Нам патрэбныя дзясяткі і сотні Лукашэнкаў, людзей, якія прэтэндуюць на лідарства», — сказаў, абараняючы прамыя выбары, Андрэй Дзмітрыеў.

Па ягоных словах, «мы павінны даць грамадству магчымасць у тым ліку памыляцца на выбарах мэраў, каб яно навучылася браць на сабе адказнасць».

«Калі людзі абіраюць прэзідэнта з царскімі паўнамоцтвамі, то ўжо мэра яны абяруць», — сказаў Дзмітрыеў.

«Там, дзе было змененае заканадаўства па мясцовых выбарах, людзі ходзяць нават часцей на мясцовыя выбары, чым на агульнанацыянальныя, — зазначыў Аляксандр Жучкоў. — Павінны распачацца рэформы, а грамадства ў любы момант дацягне да ўзроўню 1990-х гадоў».

«Нельга казаць, што народ не гатовы да дэмакратыі, — сказаў пры канцы дыскусіі Юрась Губарэвіч, — Бо калі народу не пакінуць „фортку“, то ён і не даведаецца, што яна яму трэба. Трэба спрабаваць уключыць яго ў працу».

Пытанне «Народнага рэферэндуму» пра мэраў перафармулёўвацца не будзе, але будзе суправаджацца пры камунікацыях з грамадзянамі ўдакладненнямі ў выглядзе прапановаў канкрэтных рэформаў у сферы мясцовага кіравання і самакіравання.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны