Навіны Навіны Беларусі

Пададзеная заяўка на правядзенне акцыі да Дня Волі

Пададзеная заяўка на правядзенне акцыі да Дня Волі

1925 Праглядаў Мінск
Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі падаў сёння заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне шэсця і мітынгу на плошчы Незалежнасці.

Сярод заяўнікаў акцыі - шэсць асобаў: намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябра прэзідыума БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч, Антон Жылко (АГП), Марына Хоміч (аргкамітэт па ўтварэнні партыі БХД), Уладзімір Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі).

Цэнтральнымі тэмамі акцыі стануць тэма адстойвання беларускай незалежнасці, салідарнасці з Украінай, вызвалення палітвязняў. «Адной з важных тэмаў будзе пытанне нацыянальнага адзінства, нацыянальнага кансэнсусу. Сёння рэжым раз'яднае беларусаў, а мы хацелі б аб'яднання на глебе нацыянальных каштоўнасцяў», - сказаў сёння на прэс-канферэнцыі Алесь Лагвінец.

У заяўцы ўказаны маршрут, які быў прапанаваны раней на паседжанні аргкамітэту: збор у 18.00 на Акадэміі навук, у 18.30 пачнецца шэсце па праспекце Незалежнасці, а ў 19.30 - мітынг на плошчы Незалежнасці.

Па меркаванні Алеся Лагвінца, гэта сімвалічная прапанова, бо такое свята як Дзень Волі беларусам трэба святкаваць у цэнтры, на плошчы Незалежнасці. «У заяўцы мы паказваем нашу волю, наша памкненне», - дадаў ён.

Намеснік старшыні Руху "За Свабоду" нагадаў, што ў гэтым годзе на прыкладзе украінскага Майдану арганізатары прапануюць удзельнікам супольна праспяваць гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Ён падкрэсліў, што, па ягоным прыватным меркаванні, менавіта гэты гімн у будучыні павінны стаць дзяржаўным у Беларусі. 

Мінгарвыканкам павінны адказаць, ці задаволеная заяўка, не пазней, чым за пяць дзён да правядзення акцыі (да 20 сакавіка).

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны