Навіны Навіны Беларусі

Аргкамітэт па святкаванні перамогі пад Оршай будзе дабівацца, каб з’явілася вуліца імя Астрожскага

Аргкамітэт па святкаванні перамогі пад Оршай будзе дабівацца, каб з’явілася вуліца імя Астрожскага

2443 праглядаў Мінск Орша
Аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя перамогі пад Оршай будзе дабівацца ад ўладаў горада ўвекавечыць памяць гетмана ВКЛ князя Канстанціна Астрожскага і іншых герояў бітвы ў назвах цэнтральных вуліцаў.

Акрамя таго, па меркаванні сябраў аргкамітэту, неабходна ўсталяваць помнік гетману. Лісты са зваротам ужо падрыхтаваныя і хутка будуць накіраваныя ў Аршанскі раённы Савет дэпутатаў.

«Я лічу, што памяць Астрожскага павінна быць шырока ўвекавечаная і ў іншых гарадах Беларусі – у Мінску, Крычаве і іншых», - распавёў сайту Pyx.by намеснік старшыні аргкамітэту мастак Мікола Купава.

Па ягоных словах, міністру абароны Беларусі Юрыю Жадобіну будзе накіраваны ліст з заклікам перайменаваць Мінскую сувораўскую вайсковую вучэльню ў Мінскі вайсковы каледж імя Канстанціна Астрожскага, надаць адной з брыгад імя Астрожскага. Акрамя таго, аргкамітэт лічыць неабходным заснаваць ордэн імя гетмана. 

24 траўня запланаванае правядзенне міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю перамогі пад Оршай. «На канферэнцыю мы запросім навукоўцаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа, - патлумачыў Мікола Купава.

Нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя Вялікай перамогі пад Оршай быў створаны напрыканцы 2013 году. Ачоліў яго доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч. У склад аргкамітэту ўваходзіць першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Мерапрыемствы ў гонар 500-годдзя перамогі пад Оршай будуць ісці на працягу году. У іх межах адбудзецца таксама выстава Беларускага саюза мастакоў (у верасні), непасрэднае святкаванне юбілею ў Оршы і шэраг іншых мерапрыемстваў не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы і Літве. Да юбілею будуць таксама выдадзеныя паштоўкі, плакаты, календары.

Нагадаем, 8 верасня 1514 году 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскай дзяржавы. 40 тысячаў маскоўцаў былі забіты, пяць тысячаў - узяты ў палон. Перамога ў Аршанскай бітве дала магчымасць ВКЛ вярнуць захопленыя Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў. Пасля яе на шэраг гадоў усходнія суседзі адмовіліся ад вайсковых аперацыяў супраць ВКЛ.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны