Навіны Навіны Беларусі

«Права выбару»: умовы правядзення выбараў у Беларусі значна пагоршыліся

«Права выбару»: умовы правядзення выбараў у Беларусі значна пагоршыліся

1530 Праглядаў Мінск
Кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў праходзіць у значна горшых умовах, чым папярэднія, паведамілі прадстаўнікі кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі «Права выбару», падводзячы вынікі вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў.

Па дадзеных кампаніі, адным з арганізатараў якой з'яўляецца і Рух «За Свабоду», сфармаваныя выбарчыя камісіі - практычна на 100% лаяльныя да ўладаў, акрамя таго «на этапе вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў улады зрабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць сапраўднай канкурэнцыі падчас выбараў і мінімізаваць удзел» у іх дэмакратычных кандыдатаў.

Як распавёў на прэс-канферэнцыі 28 лютага сябар Сакратарыяту кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі «Права выбару», намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, «на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатаў праз збор подпісаў у параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі павялічылася колькасць адмоваў у рэгістрацыі, у тым ліку абгрунтаваных зменамі, што былі ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс увосень 2013 года».

Акрамя таго, па ягоных словах, ініцыятыўныя групы сутыкаліся з перашкодамі ў правядзенні пікетаў, часцяком на акцыях назіралася узмоцненая ўвага праваахоўных органаў, якія, сярод іншага, умешваліся ў працу ініцыятыўных групаў.

«Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі значнай колькасці кандыдатаў ад апазіцыйных партыяў, пры гэтым працэнт адмоваў для апазыцыйных вылучэнцаў значна перавышае працэнт адмоваў для кандыдатаў ад лаяльных уладам партыяў і кандыдатаў, што карыстаюцца падтрымкай улады. Найбольш пацярпелі ад адмоваў тыя кандыдаты, што вылучаліся праз збор подпісаў», - падкрэсліў Лялькоў.

Пры гэтым, не былі эфектыўнымі і абскарджанні рашэнняў аб адмове рэгістрацыі ініцыятыўных груп альбо кандыдатаў у вышэйшых камісіях і ў судах.

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару»  падкрэслілі, што вынікі ўсіх этапаў выбарчай кампаніі 2014 года пераканаўча сведчаць пра тое, што беларускія ўлады працягваюць ігнараваць міжнародныя стандарты свабодных і дэмакратычных выбараў, груба парушаюць прынцып роўнасці правоў палітычных партый і арганізацый, грамадзянаў на ўдзел у выбарчым працэсе. 

«У такой сітуацыі працэдура выбараў не спрыяе сапраўднаму волевыяўленню грамадзянаў і служыць падставай для агульнага недаверу вынікам выбараў», - заключылі ўдзельнікі прэсавай канферэнцыі.

У склад кампаніі «Права выбару» уваходзяць Рух «За Свабоду», аргамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Грамада»), партыя «Зялёныя», кампанія «Гавары праўду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны