Навіны Навіны Руху

Губарэвіч: Галоўны ўрок Майдана — тое, што грамадства мае права паўстаць

Губарэвіч: Галоўны ўрок Майдана — тое, што грамадства мае права паўстаць

2613 Праглядаў Мінск
28 лютага ў Мінску прайшоў Дзень Украіны, арганізаваны "Арт Сядзібай" сумесна з тэлеканалам "Белсат" і супольнасцю "Кватэрнікі ў Мінску".

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з фільмам "Белсата", прысвечаным украінскай рэвалюцыі. Пасля паказу адбылася дыскусія аб выніках Майдана і яго ўроках для Беларусі, у якой прынялі ўдзел палітыкі, палітолагі, грамадскія дзеячы і журналісты.

"Першы і самы галоўны ўрок Майдана, — лічыць першы намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, — тое, што грамадства мае права на паўстанне, мае права скінуць тую ўладу, якая паразітуе ў краіне. Людзі павінны самі вырашаць, як ім жыць, якую краіну будаваць, якую будучыню яны б хацелі мець для сябе і сваіх сем'яў.

І другі, не менш важны, урок — што ў сённяшняй сітуацыі Расія не можа з'яўляцца надзейным партнёрам для Беларусі. Якія б ні былі зараз адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным, гэта не дае ніякіх гарантый бяспекі для беларускага грамадства ў выпадку, калі яно захоча, як ва Украіне, скінуць рэжым, які, я лічу, незаконнымі спосабамі кіруе Беларуссю".

На думку Губарэвіча, дае Майдан урокі і для беларускай апазіцыі — найперш той, што без падтрымкі грамадства немагчымыя ніякія перамены. "Калі за апазіцыйнымі лідарамі стаяць, на жаль, толькі дзясяткі альбо сотні членаў іх арганізацый, калі працэнты, якія атрымліваюць на выбарах апазіцыйныя кандыдаты, не выходзяць за рамкі статыстычнай памылкі, нельга разлічваць на тое, што за гэтымі людзьмі пойдзе большасць грамадства і што тыя ідэі, якія прапаноўвае беларуская апазіцыя, перамогуць", — упэўнены адзін з лідараў руху "За Свабоду".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны