Навіны Навіны Руху

«Школа кандыдатаў» пройдзе ў Віцебску

«Школа кандыдатаў» пройдзе ў Віцебску

3976 Праглядаў Віцебск Мінск Брэст Гродна Гомель Магілёў
«Школа „Народнай праграмы“ для кандыдатаў на мясцовых выбарах» выходзіць на фінішную прамую. Рух «За Свабоду» 1-2 сакавіка арганізуе сустрэчу незалежных кандыдатаў на мясцовых выбарах у Віцебску.

«„Школа кандыдатаў“ дзейнічае ў шасці абласных цэнтрах Беларусі, — распавёў сайту Pyx.by намеснік старшыні Руху „За Свабоду“ Алесь Лагвінец. — У кожным з гарадоў удзельнічаюць да пятнаццаці палітыкаў, якія балатуюцца ў якасці кандыдатаў на выбарах у мясцовыя Саветы».

«Школа кандыдатаў» працуе з 14 лютага. «Сэсіі» прайшлі ўжо ў чатырох абласных цэнтрах — Магілёве, Гомелі, Мінску, Брэсце. Пасля Віцебска кандыдаты збяруцца ў Гродна (8-9 сакавіка).

Сярод удзельнікаў — 38 кандыдатаў з Руху «За Свабоду», астатнія некалькі дзясяткаў прадстаўляюць іншыя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні Беларусі — бяруць удзел сябры Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, а таксама жыхары Беларусі, якія пайшлі на выбары шляхам самавылучэння праз збор подпісаў.

Алесь Лагвінец патлумачыў, што Школа працуе па васьмі тэмах: выбарнасць мэраў, рэструктурызацыя прадпрыемстваў, павышэнне якасці камунальных паслугаў, вызваленне патэнцыялу прадпрымальнікаў, рэфармаванне беларускай школы, абарона інтарэсаў жыхароў пры будаўніцтве шкодных прадпрыемстваў, эканоміі энергіі і грошай у дамах, правы людзей на зямлю і адраджэнне вёскі.

«Эксперты выкладаюць гэтыя тэмы для кандыдатаў, праводзячы дапасаванне да сітуацый, якія могуць узнікнуць падчас камунікацыі з выбаршчыкамі», — патлумачыў Лагвінец.

Па ягоных словах, сярод экспертаў, якія працуюць у «Школе кандыдатаў», — эканаміст Сяргей Чалы, дацэнт кафедры міжнародных эканамічных адносінаў БДУ Міхаіл Залескі, эксперт у галіне ЖКГ Рыгор Кастусёў, палітолаг Іна Рамашэўская, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі.

«Для кандыдатаў у мясцовыя саветы важна арыентавацца у мясцовых праблемах, ведаць, што хвалюе іх выбарцаў, як павінна змяніцца сістэма, падыходы ў розных сферах», — патлумачыў Pyx.by важнасць правядзення «Школы кандыдатаў» намеснік старшыні Руха «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Паводле яго, асноўная балючая праблема — жыллёва-камунальная гаспадарка, выбарнасць мясцовых уладаў, улік эканамічных і сацыяльных інтарэсаў пры правядзенні прыватызацыі, грамадскага меркавання.

Адзін з удзельнікаў школы, актывіст Руху «За Свабоду» з Мінска Алесь Таўстыка навучаннем застаўся задаволены.

«Я лічу, што такія сустрэчы — вельмі патрэбныя. Трэба як мага больш часу працаваць з экспертамі, больш актыўна падаваць інфармацыю праз розныя СМІ цікаўным і людзям, якія хочуць нешта зрабіць і даведацца як зрабіць», — распавёў Таўстыка.

Для яго было цікава, як правільна падаваць скаргі, параўнанні «шэрых» працэсаў у Беларусі, Украіне, Расіі з такімі ж, але празрыстымі, у Еўрасаюзе і іншыя тэмы.

Актывіст расказаў, што ўжо пачаў выкарыстоўваць веды, атрыманыя ў «Школе кандыдатаў». У прыватнасці, напісаў запыт у структуры ЖКГ, сабраў подпісы для набыцця абсталявання ў мясцовую паліклініку. «Праблемы, якія патрабуюць вырашэння, знаходзяцца побач, літаральна ўздоўж шляху», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны