Навіны Навіны Руху

Гомельскія дэмакраты вызначыліся з адзіным кандыдатам на давыбарах у Палату прадстаўнікоў

Гомельскія дэмакраты вызначыліся з адзіным кандыдатам на давыбарах у Палату прадстаўнікоў

4179 Праглядаў Гомель
Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», Грамадзянская кампанія «Наш дом», Грамадзянская ініцыятыва «Гомельскі Дэмакратычны Форум» і шэраг іншых дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый падтрымаюць на маючых адбыцца давыбарах у парламент па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 кандыдатуру Галіны Краўчанка.

Давыбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе №36 у сувязі з тым, што падчас парламенцкай кампаніі 2012 года там не быў абраны дэпутат. Гэта - адзіная ў Беларусі акруга, якая не мае свайго прадстаўніка ў парламенце.

Восем гомельскіх дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх ініцыятыў, касцяк якіх складаюць арганізацыі, якія падтрымліваюць кампанію «Народны рэферэндум», вызначыліся са сваім кандыдатам. Ім стане актывістка Руху «За Свабоду» Галіна Краўчанка, вядомая ў горадзе з мінулай выбарчай кампаніі, калі яна ўдала выступіла ў Гомельскай- прамысловай выбарчай акрузе №35.

Сама Галіна Краўчанка кажа, што не верыць у сумленнасць маючых адбыцца «выбараў», але збіраецца ... на іх перамагаць.

- Нават прыклад суседняй Украіны, дзе народ масава выступае ў абарону сваіх інтарэсаў, паказвае: ідэя можа перамагаць, калі яе падтрымлівае большасць. Незалежна ад таго, як сябе цяпер вядзе там дзеючая ўлада, пасля ўсяго таго, што мы бачылі, няма сумневаў, што Украіна будзе ў Еўропе. Гэта прыклад і для нас таксама: ідэя павінна перамагчы ў розумах большасці людзей, і тады яе ўвасабленне - толькі справа часу, - кажа Краўчанка.

У маючай адбыцца кампаніі Галіна Краўчанка плануе максімальна выкарыстоўваць онлайн-СМІ і сацыяльныя сеткі , асабістыя сустрэчы і стасаванне з грамадзянамі, а таксама супрацоўніцтва з іншымі кандыдатамі, якія на выбарах 23 сакавіка 2014 года будуць балатавацца ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

- Мы стварылі каманду. Адначасова са мной у Навабеліцы будуць балатавацца 4 дэмакратычныя кандыдаты ў гарадскі Савет - менавіта столькі там мясцовых акругаў. Гэта дазволіць нам даводзіць нашы ідэі да людзей на ўсіх узроўнях, дапамагаць адзін аднаму і дэманстраваць выбаршчыкам, што ў нас ёсць каманда, што мы - не адзіночкі, што гатовыя і перамагаць, і браць на сябе адказнасць за будучыню, - кажа Галіна Краўчанка.

Старшыня гомельскага аддзялення Руху «За Свабоду», у шэрагі якога ўваходзіць Краўчанка, Пётр Кузняцоў нагадвае, што ўжо некалькі месяцаў у Навабеліцы ідзе актыўная праца:

- Каманда Галіны, каманда Руху і іншых арганізацый-партнёраў, ужо некалькі месяцаў разам з жыхарамі Навабеліцы вырашае там лакальныя праблемы як сваімі рукамі і сіламі, так і праз ціск на ўладу. Гэта дае нам перавагу, таму што ўжо ёсць кантакты з мясцовым насельніцтвам, пэўная вядомасць і нават групы падтрымкі. Галіна здолела стварыць і нарасціць наш патэнцыял у гэтым раёне, і гэта будзе важкім фактарам у будучай палітычнай кампаніі, - лічыць Пётр Кузняцоў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны