Навіны Беларусь і Свет

Ці адновіць працу офіс ПА АБСЕ ў Мінску?

Ці адновіць працу офіс ПА АБСЕ ў Мінску?

1657 Праглядаў Мінск
Новы кіраўнік рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі 37-гадовы Крысціян Хольм (Швецыя) мае намер актывізаваць яе дзейнасць і дабівацца аднаўлення працы офіса АБСЕ ў Мінску. Пра гэта ён заявіў адразу пасля свайго прызначэння 15 кастрычніка.

"Нам важна і трэба трымаць пытанне па Беларусі на парадку дня ПА АБСЕ, — сказаў Хольм. — Мы працягнем рабіць тое ж, што і раней, — запрашаць на сустрэчы прадстаўнікоў розных груп з Беларусі. Мы мяркуем, што важна запрашаць не толькі беларускіх дэпутатаў, але і прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб была магчымасць весці дыскусіі і чуць розныя меркаванні на нашых сустрэчах".

Крысціян Хольм падкрэсліў важнасць дыялогу з усімі суб'ектамі палітычнага поля ў Беларусі — як з уладамі, гэтак і з апазіцыяй.

Адной з найважнейшых задач шведскі парламентарый лічыць "неабходнасць дабівацца дазволу на аднаўленне працы ў Мінску офіса АБСЕ", закрытага беларускімі ўладамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Ацэньваючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, Крысціян Хольм падкрэсліў: у апошняй рэзалюцыі па Беларусі, прынятай у ліпені гэтага года, ПА АБСЕ ясна дала зразумець, што Беларусь "не з'яўляецца свабоднай і дэмакратычнай краінай". "У Беларусі не выконваюцца дэмакратычныя стандарты, а правы чалавека рэгулярна парушаюцца, — сказаў ён. — Але нашы намаганні скіраваныя на сумесную працу з усімі часткамі беларускага грамадства, каб Беларусь стала свабоднай, адкрытай і дэмакратычнай".

Парламентарый спадзяецца, што ў хуткім часе яму і іншым членам рабочай групы па Беларусі будзе дазволена наведванне краіны: "Я буду спрабаваць дабіцца магчымасці наведаць Беларусь як мага хутчэй. Калі такая магчымасць будзе, то мы хацелі б правесці сустрэчы як з прадстаўнікамі афіцыйнай улады, гэтак і апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, палітзняволенымі і, вядома ж, прадстаўнікамі СМІ".

Хольм зазначыў, што раней неаднаразова спрабаваў атрымаць візу ў Беларусь у пасольстве ў Стакгольме, але яму "вярталі пашпарт без візы і якіх-небудзь тлумачэнняў".

Падчас ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Стамбуле ён гутарыў пра гэта з кіраўніком беларускай дэлегацыі, намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Віктарам Гумінскім. "Пазней я таксама чытаў у беларускіх СМІ, што Гумінскі вельмі ясна сказаў, што мяне няма ў спісах тых, каму забаронены ўезд у Беларусь. Спадзяюся, я магу верыць яго словам і атрымаю запрашэнне наведаць Беларусь", — сказаў Хольм.

Каментуючы сітуацыю з беларускімі палітзняволенымі, шведскі парламентарый зазначыў: "Кожны раз, калі я даведваюся аб вызваленні палітзняволенага ў Беларусі, я радуюся. Але ў цэлым сітуацыя з наяўнасцю ў краіне палітзняволеных абсалютна непрымальная —палітзняволеных быць не павінна. Сядзець павінны тыя, хто ўчыніў крымінальныя злачынствы. Апазіцыйныя палітыкі і актывісты павінны быць свабоднымі і мець магчымасць займацца сваёй справай".

Крысціян Хольм таксама спадзяецца, што ў хуткім часе можна будзе ўбачыць прагрэс як у самой Беларусі, гэтак і ва ўзаемаадносінах беларускіх уладаў з АБСЕ.

Заявы афіцыйных прадстаўнікоў Мінска пра тое, што рабочая група ПА АБСЕ па Беларусі не патрэбная, Хольм пракаментаваў наступным чынам: "Яе стварэнне было ясным сігналам таго, што ў Беларусі не ўсё ў парадку. Мы патрабавалі і патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволеных, правядзення дэмакратычных рэформ, каб урад не парушаў правы чалавека. І для ўрада праблематычна вырашаць гэтыя пытанні".

"Значна прасцей заяўляць, што рабочая група не патрэбная, чым нешта рабіць для ліквідацыі існуючых праблем у сферы дэмакратыі і правоў чалавека", — дадаў Хольм. Паводле яго слоў, ПА АБСЕ дакладна дала зразумець, што такая група ўсё яшчэ неабходная і павінна працаваць больш актыўна. "Асабіста я не магу дачакацца таго моманту, калі мы зможам сказаць, што рабочая група па Беларусі нам больш не патрэбная, што сітуацыя змянілася і неабходнасць у ёй адпала", — падкрэсліў шведскі дэпутат.

Хольм распавёў, што напярэдадні прызначэння гутарыў са сваёй папярэдніцай Утай Цапф, якая ўзначальвала рабочую групу ПА АБСЕ па Беларусі з 2002 года. "Я і ў далейшым збіраюся падтрымліваць з ёю кантакты, таму што ў яе вялікі вопыт па беларускім пытанні, яе рэкамендацыі могуць дапамагчы. Але самая галоўная яе рэкамендацыя — працягваць працаваць па ўсіх тых праблемных пытаннях, якія я ўзгадаў. Яна заўсёды ясна заяўляла, што непавага правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў з'яўляецца непрымальным", — заявіў дэпутат Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Крысціян Хольм вядомы рэзкай крытыкай афіцыйнага Мінска і з'яўляецца адным з найбольш актыўных шведскіх дэпутатаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай. У ліпені гэтага года на сесіі ПА АБСЕ ў Стамбуле ён вынес на галасаванне рэзалюцыю па Беларусі, якая ў выніку і была прынятая. У дакуменце зазначалася, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі "па-ранейшаму носяць сістэмны характар". ПА АБСЕ рэкамендавала ўраду неадкладна і безагаворачна вызваліць і апраўдаць усіх палітзняволеных, спыніць націск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі. У рэзалюцыі таксама выказвалася шкадаванне адносна абмежаванага супрацоўніцтва ўрада Беларусі з многімі інстытутамі АБСЕ, у тым ліку з рабочай групай ПА АБСЕ па Беларусі, якая так і не атрымала запрашэнне наведаць краіну. //БелаПАН

Тэгі: АБСЕ 53

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны