Навіны Навіны Руху

«Калійны» канфлікт праз келейную інтэграцыю

«Калійны» канфлікт праз келейную інтэграцыю

2180 Праглядаў Мінск
Пазіцыя Руху «За Свабоду» адносна канфлікту вакол Беларускай калійнай кампаніі і новага вітка напружанасці ў беларуска-расійскіх дачыненнях.

Мы ўсе сёння сведкі, як аўтарытарны кіраўнік Беларусі і алігархі з суседняй краіны змагаюцца за беларускае нацыянальнае багацце. Беларускі ж народ загнаны ў стан пасіўнага і бездапаможнага назіральніка.

Супраць арыштаванага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера былі ўжытыя метады, якія, на вялікі жаль, даўно сталі нормай паводзінаў праваахоўных органаў ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі.

Цяпер закладнікам стаў грамадзянін Расіі, якую звычайна не цікавіць сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Калі ж беларускае кіраўніцтва ў сваім стылі адрэагавала, па сутнасці, на эканамічны падрыў, Масква загаварыла і аб праве, і аб джэнтльменскіх паводзінах. А ў дадатак ужыла традыцыйны «анішчанкаўскі» інструментарый.

На ўзроўні прыроды ўлады і міждзяржаўных дачыненняў «калійны» канфлікт яскрава адлюстраваў сутнасць так званай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй: праз келейныя закрытыя для кантролю грамадскасці пагадненні і дзеянні ўмацоўваць алігархічна-аўтарытарныя рэжымы ў нашых краінах.

І ў Беларусі, і ў Расіі адсутнічае празрыстасць і падсправаздачнасць народу ў справах дзяржаўнага кіравання і рэгулявання дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў. Гэты выпадак паказвае: калі эканамічныя рашэнні прымаюцца і міждзяржаўныя дачыненні выбудоўваюцца таемна ад народа і па постсавецкіх «паняццях», то ставяцца пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт краіны, наносіцца шкода інтарэсам грамадзянаў Беларусі.

Адзіны спосаб абараніць Беларусь і яе актывы ад рэйдэрскага захопу з боку буйнога бізнесу або буйнейшай дзяржавы — прымусіць органы дзяржаўнай улады Беларусі працаваць у інтарэсах беларускага народу і ўстойлівага развіцця краіны, а не ў інтарэсах абслугоўвання вузкага кола асобаў, набліжаных да кіраўніка краіны і ягонае сям’і.

Менавіта таму мы выступаем за правядзенне «Народнага рэферэндуму», на якім будуць узнятыя пытанні, вырашэнне якіх зробіць сістэму дзяржаўнага кіравання ў Беларусі больш адкрытай, а ўладу — падкантрольнай. Мы павінны разам бараніць Беларусь і яе нацыянальныя інтарэсы, забяспечыць беларускаму народу права быць гаспадаром на сваёй зямлі і самому вызначаць сваю будучыню.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны