Навіны Навіны Руху

Судовая справа Жукаўца знаходзіцца пад асабістым кантролем Генпракурора Польшчы

Судовая справа Жукаўца знаходзіцца пад асабістым кантролем Генпракурора Польшчы

2662 праглядаў Мінск Варшава
Генеральны пракурор Анджэй Сэрэмет адказаў на ліст беларускіх палітыкаў, якія выказвалі заклапочанасць крымінальным пераследам беларускага бізнесмена Андрэя Жукаўца.

Адказ Генеральнага пракурора прыйшоў на адрас аднаго з падпісантаў, першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.

Кіраўнік нагляднага ведамства Польшчы Анджэй Сэрэмет паведаміў у лісце беларускім палітыкам, што папярэднія следчыя дзеянні польскага боку супраць Андрэя Жукаўца грунтаваліся на абавязковых праўных нормах Польшчы, а не сталі вынікам супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі, якія заплямілі сваю рэпутацыю пераследам апазіцыі.

Генпракурор таксама патлумачыў у сувязі з заклікам беларускіх палітыкаў да новага разгляду справы, што рашэнне польскага суда пра зняволенне і штраф не з’яўляецца правамоцным. У выпадку абскарджвання справа будзе разгледжана ў апеляцыйным судзе, які прыме пад увагу ўсе дэталі абвінавачвання, якое слухалася раённым судом у Беластоку.

«У адрозненні ад беларускіх, польскія судовыя і наглядныя органы працуюць больш адкрыта, не цураюцца адказваюць на запыты замежных грамадзян. Спадзяемся, што ў дэмакратычнай краіне, якой ёсць Польшча, сістэма падзелу ўладаў, незалежнасць пракуратуры і судоў дазволіць вынесці аб’ектыўнае рашэнне», — кажа Юрась Губарэвіч.

Нагадаем, у траўні 2013 года кіраўнікі Руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду», АГП, БХД, партыі «Справядлівы свет» падпісалі зварот да Генпракурора Польшчы, у якім выказвалі заклапочанасць прысудам Беластоцкага суда палітэмігранту Андрэю Жукаўцу. Ён абвінавачваўся ў махлярстве пры атрыманні крэдытаў у Беларусі на суму 700 тысяч даляраў і быў прысуджаны да штрафу і зняволення. Беларускія палітыкі звярталі ўвагу на тое, што прысуд польскага боку грунтаваўся на матэрыялах, атрыманых ад беларускіх суддзяў, якія спрычыніліся да пераследу апазіцыі і не маюць даверу. Крымінальная справа, узбуджаная беларускімі сілавымі структурамі можа быць помстай Жукаўцу за актыўную дапамогу дэмакратычным арганізацыям. Беларускія палітыкі заклікалі польскую Генпракуратуру і Мінюст перагледзець вынесены Жукаўцу прысуд і спыніць практыку супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі, якія заплямілі сваю рэпутацыю ўдзелам у палітычных працэсах.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны