Навіны Навіны Руху

Адкрываецца школа «Беларусь сёння: выклікі і перспектывы развіцця»

Адкрываецца школа «Беларусь сёння: выклікі і перспектывы развіцця»

5093 праглядаў Мінск
Навучанне ў арганізаванай Рухам «За Свабоду» школе адбудзецца 15-20 кастрычніка ў суседняй еўрапейскай краіне з удзелам вядомых беларускіх і еўрапейскіх экспертаў.

Мэта Школы — прадставіць слухачам комплекснае бачанне сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, а таксама інфармаваць пра наяўны патэнцыял беларускай грамадзянскай супольнасці.

Галоўныя тэмы Школы:

  • Эканоміка Беларусі, яе стан і перспектывы;
  • Асаблівасці палітычнага ладу Беларусі, характар і спосабы ажыццяўлення ўлады;
  • Патрэба і выклікі рэформы дзяржслужбы ў Беларусі;
  • Трэці сектар у Беларусі;
  • Сучасная беларуская медыя-прастора і аналітычная супольнасць.

Тыднёвая праграма Школы будзе спалучаць лекцыі, дыскусіі, трэнінгі, сімуляцыйныя гульні і іншыя цікавыя мерапрыемствы.

Удзел у Школе могуць узяць грамадзяне Беларусі ва ўзросце 18-30 год, актыўныя ў грамадскай і/або палітычнай сферы. Працоўная мова — беларуская. Арганізатары пакрываюць выдаткі на праезд і пражыванне.

«Гэта, трэцяя па ліку школа, якую праводзіць Рух, — кажа яе дырэктар, Намеснік Старшыні Алесь Лагвінец, — Першая адбылася ў ліпені 2011 году ў Варшаве, а другая — летась у лістападзе ў Вільні. Нашы Школы ўжо маюць пэўную традыцыю і свае напрацоўкі. Навучанне атрымала высокую ацэнку як нашых удзельнікаў, так і партнёраў. У Школах выкладалі вядомыя ў Беларусі эксперты: Ірына Віданава, Аляксандр Класкоўскі, Уладзімір Мацкевіч, Дзяніс Мельянцоў, Іна Рамашэўская, Наталля Сліж, Юрась Чавусаў, Сяргей Чалы, Андрэй Фёдараў.

Мы зацікаўленыя працягваць такую адукацыйна-грамадзянскую форму працы з маладымі беларусамі. Тэмы Школы дазволяць удзельнікам лепш разабрацца ў асаблівасцях грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця нашай краіны і пабачыць лепшыя прыклады ды атрымаць добрыя навыкі грамадзянскага ўдзелу. Каб быць сапраўдным патрыётам сваёй краіны вельмі важна быць абазнаным пра яе жыццё і людзей, а таксама браць удзел у розных грамадскіх ініцыятывах».

Зацікаўленым асобам трэба запоўніць анкету ўдзельніка https://docs.google.com/forms/d/1L1Cn2V0y4j-DtmCRSz6e-I9Jv5Vt8jttliouA3VYvEA/viewform і напісаць эсэ на тэму «Якая, на маю думку, грамадская праблема найбольш хвалюе грамадзянаў Беларусі і як павінны дзейнічаць органы дзяржаўнай улады, каб найбольш эфектыўна вырашыць гэтую праблему?» (ад 2000 да 4000 сімвалаў).

Гранічны тэрмін падавання заявак (анкета + эсэ на адрас edu.mff@gmail.com) — 05 верасня 2013 году. Просьба ў тэме паведамлення пазначаць сваё імя і прозвішча. Вынікі адбору будуць абвешчаныя 10 верасня. Дадатковая інфармацыя па edu.mff@gmail.com ці тэлефоне +375296061034.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны