Навіны Навіны Беларусі

Каліноўскі перамог! Выйшаў унікальны комікс паводле Караткевіча

Каліноўскі перамог! Выйшаў унікальны комікс паводле Караткевіча

2583 праглядаў Мінск
«Пагатоў, што гэта за комікс, дзе галоўны герой зазнае паразу?» — задаецца пытаннем куратар выдання паэт Анатоль Івашчанка.

Ідэя ўнікальнага коміксу "Пра Кастуся" да 150-годдзя паўстання 1863–64 гадоў нарадзілася ў асяроддзі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Праект выношваўся і рэалізоўваўся каля 9 месяцаў, а ў яго аснову паклалі п'есу Уладзіміра Караткевіча "Кастусь Каліноўскі: смерць i неўміручасць", паведамляе Белсат

Праўда, як зазначыў Анатоль Івашчанка, у коміксе ёсць і адступленне ад караткевічаўскага тэксту: сюжэт не заканчваецца паразаю паўстанцаў Каліноўскага, а іхнаю перамогай у Мілавідскай бітве. Гэта, паводле кіраўніка праекту, з самага пачатку было прынцыповаю задачай аўтарскага калектыву, бо комікс, згодна з законамі жанру, мусіць мець пазітыўны фінал.

"Комікс завяршаецца Мілавідскаю бітвай. У Караткевіча яе не было, хоць вёска Бахарэвічы, дзе разгортваецца асноўная дзея і якую спальваюць расейскія жаўнеры, жыўцом закопваючы актыўных удзельнікаў супраціву, месціцца непадалёк ад Мілавідаў. У Караткевіча ладная частка п'есы адведзеная, напрыклад, допытам Кастуся. Гэта не ўпісваецца ў коміксавую стылістыку. Комікс не змог бы перадаць псіхалагізму, і згубіўся б дынамізм аповеду. Папросту гэтая частка была б нудотнаю", – патлумачыў змены ў караткевічаўскім сюжэце Анатоль Івашчанка.

Паводле куратара выдання, арганізатарам мастацкай часткі коміксу выступіў мастак і дызайнер Уладзімір Дрындрожык. Комікс "Пра Кастуся" стаў ягоным дэбютам у гэтым жанры, але, на думку спадара Івашчанкі, мастак выдатна даў рады.

"Паколькі першакрыніцаю быў тэкст Караткевіча, месцамі вербальны складнік коміксу пераважае над выяўленчым бокам. І хоць комікс двухколерны – чырвона-чорны, але насамрэч там шмат гульні адценняў чорнага. Нам падалося, што пэўны каляровы аскетызм дадасць стылёвасці выданню", – адзначыў спадар Івашчанка. Паводле яго, усе выявы рабіліся ад рукі, без камп’ютара, а размалёўванне магло б парушыць пафаснасць задумы, якая ў кантэксце паўстання выглядае дарэчнаю.

Выданне "Пра Кастуся" адрасуецца перадусім падлеткам, але будзе цікавае і для старэйшых, адзначаюць аўтары. Выйшаўшы нядаўна з друку, комікс можа стаць сапраўдным рарытэтам, бо наклад выдання – усяго 1000 асобнікаў. Першая частка накладу, згодна з патрабаваннямі выдаўцоў, будзе распаўсюджвацца бясплатна. "Частку вышлюць у рэгіянальныя бібліятэкі праз пошту. Частку распаўсюдзяць праз абласныя аддзяленні Саюзу беларускіх пісьменнікаў, падчас прэзентацыяў выдання", – паведаміў куратар праекту.

Коміксы на беларускай мове – вельмі рэдкая з'ява. Апошні комікс па-беларуску выйшаў яшчэ на пачатку 90-х гадоў. Комікс "Пра Кастуся", паводле Анатоля Івашчанка, можа атрымаць, аднак, свой працяг.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны