Навіны Навіны Руху

Актывіст абвінаваціў афіцыйную газету ў падмане

Актывіст абвінаваціў афіцыйную газету ў падмане

1835 Праглядаў Баранавічы Мілавіды
9 жніўня адбылося другое паседжанне суда па хадайніцтве сябра Рады Руху «За Свабоду» Віктара Сырыцы аб падмане чытачоў газетай «Наш край». Адказчыкам выступаў ідэолаг райвыканкама.

Падманутымі палічылі сябе аматары гісторыі, якія 2 чэрвеня прыехалі на афіцыйнае святкаванне 150-годдзя Мілавідскай бітвы па аб’яве ў газеце, але арганізатараў свята на прызначаным месцы не засталі, перадае intex-press.by

На месцы мілавідскіх помнікаў у час, які абвясціла афіша газеты, святкавання не адбывалася. Больш за тое, на аднаго з гасцей свята Віктара Сырыцу склалі пратакол за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывіст звярнуўся да суда, абвінаваціўшы газету ў падмане чытачоў.

Суддзя Вольга Апановіч выканала просьбу Сырыцы аб тым, каб суд вёўся на беларускай мове, і ўсё судовае паседжанне сапраўды праходзіла па-беларуску.

Прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які і падаваў аб’яву ў газету, паведамілі на судзе, што правялі святкаванне ў 10 гадзін, на дзве з паловай гадзіны раней прызначанага, з-за… неспрыяльнага прагнозу надвор’я.

Яны паведамілі, што сапраўды не папярэдзілі чытачоў газеты "Наш край" пра адмену святкавання ў прызначаны час. Арганізатар мерапрыемства – дырэктар метадычна-арганізацыйнага цэнтра, расказала, што сама атрымала інфармацыю пра перанос свята надта позна, таму праінфармаваць чытачоў не было магчымасці. "Вечарам нам патэлефанавалі з аддзела культуры і паведамілі аб пераносе, а мы – людзі паднявольныя", – растлумачыла яна.

Віктар Сырыца патрабуе ад газеты "Наш край" і аддзела ідэалогіі і культуры райвыканкама аплаціць арэнду аўтобуса, на якім аматары гісторыі прыехалі на мерапрыемства, анансаванае газетай, выплаціць дзяржаўную пошліну і штраф, які Сырыцы прысудзілі па абвінавачванні ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывіст таксама хоча, каб газета размясціла на сваіх старонках аб’яву аб тым, што ёй быў дапушчаны падман чытачоў.

Суддзя прапанавала Сырыцу заключыць з адказчыкамі міравую, але той не пагадзіўся.

Заключнае слуханне па справе адбудзецца 26 жніўня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны