Навіны Аналітыка

Дунаеў: У адукацыі мы адсталі ад суседзяў на 10 гадоў і робім іх памылкі

Дунаеў: У адукацыі мы адсталі ад суседзяў на 10 гадоў і робім іх памылкі

1718 Праглядаў
Эксперт грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў распавёў, чаму беларускіх студэнтаў мяняюць на кітайскіх і колькі каштуе адукацыя.

Уладзімір Дунаеў — прафесар філасофіі і адзін са стваральнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта — падлічвае, колькі дзяржава мусіць выдаткоўваць на адукацыю, і тлумачыць, чаму беларускія студэнты навучаюцца за мяжой.

Еўрарадыё: Ізноў вышэйшая адукацыя падаражэла на 20%. Гэта абгрунтавана?

Уладзімір Дунаеў: Вышэйшая адукацыя ў нас вельмі дрэнна фінансуецца. У ўжо адмененым «Законе аб адукацыі» вызначалася планка фінансавання адукацыі: 10% ад ВУП. У Кодэксе гэта ўжо знікла. Дзяржава не выконвала гэтыя абавязкі. Ёсць норма, якая існуе: не менш за 2% ад ВУП на вышэйшую адукацыю. У нас за пяць гадоў фінансаванне вышэйшай адукацыі скарацілася ў два разы: з 1,5% да 0,7%. Фінансаванне аднаго студэнта на год — 1,9 тысячы долараў. Сёння ў нас вышэйшая адукацыя ўдзельнічае ў размеркаванні статусаў, выдае «корачку». І ніхто не задумваецца, што за гэтым стаіць. За якасную адукацыю трэба плаціць! Іншая рэч, што можа заплаціць беларускі вытворца. Бо ў нас дзве траціны вучацца на платным.

Еўрарадыё: Сёння шмат кажуць пра агульнадаступнасць вышэйшай адукацыі. Некаторыя чыноўнікі турбуюцца, маўляў, не будзе каму араць і сеяць. Ці апраўдана такая занепакоенасць?

Уладзімір Дунаеў: Гэта праблема хітрая. Чаму людзі ідуць ва ўніверсітэты? Нармальныя эканамічныя паводзіны — чакаць большай аддачы. Чалавек не будзе абіраць сферу, дзе аддача ніжэйшая. Ёсць краіны, дзе вышэйшая адукацыя зрабілася ўсеагульнай, яе атрымліваюць усе. Але гэта адукацыя першага цыклу. І гэта не значыць, што яна выпадае са сферы вытворчасці. Сёння мы маем справу з масавай адукацыяй. У развітых краінах прыблізна 60% хутка будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю. У Беларусі цяпер людзей з вышэйшай адукацыяй менш за 25%. Нам якраз трэба арыентавацца, што вышэйшую адукацыю мусяць атрымліваць больш і больш людзей. Іншая рэч — якасць адукацыі. У нас сёння сітуацыя выглядае анекдатычна, калі на першым курсе больш месцаў, чым выпускнікоў. Першы цыкл адукацыі не элітарны, ён якраз масавы. А вось магістарскі ўзровень ужо вымагае селекцыі.

Еўрарадыё: Балонскі працэс — гэта больш самастойнасці для ўніверсітэтаў, больш самакіравання. А ці гатовыя да гэтага ўніверсітэты і студэнты?

Уладзімір Дунаеў: Сапраўды, пытанне пра свабоду — пытанне пра адказнасць. Сёння зручна спаслацца, што рашэнне прымаў хтосьці іншы. У познесавецкі перыяд праходзіла ягадзінская рэформа, якая дала і ўніверсітэцкую аўтаномію ды свабоду. Беларусь усё гэта мела, але не здолела скарыстацца тымі магчымасцямі. Але нельга быць самастойным, не маючы правоў. Гэта як вучыцца плаваць на беразе. Тыя органы калектыўнага кіравання, якія ёсць у ВНУ, нічога не вырашаюць. Важнае пытанне — выбар рэктара. Ён павінен быць адказным перад акадэмічнай супольнасцю. Выкладчыкі і студэнты павінны прымаць рашэнне: хто будзе ў іх рэктарам. Сёння, вывучаючы прававую базу, можна прыйсці да высновы, што рэктарам універсітэта можна прызначыць і котку.

Еўрарадыё: Па некаторых спецыяльнасцях у нас хранічны недабор. Гэта збольшага педагогі — фізікі і матэматыкі. Можа, адмяніць набор на гэтыя спецыяльнасць на пару гадоў?

Уладзімір Дунаеў: Гэта цяжка ўявіць, як можна адмовіцца ад педагогаў. Бяда ў іншым: настаўніцкі корпус, які ў нас ужо ёсць, вельмі ўбогі. Гэта бачна па выніках ЦТ. Бачна, што паміж баламі тэставання і атэстата ёсць кантраст. Нам трэба думаць, як палепшыць настаўніцкі корпус. А яго немагчыма палепшыць, пакуль не будзе прэстыжу прафесіі, пакуль будзе нізкай заробак. Настаўнік у нас адказвае за што заўгодна, але не за якасць адукацыі. Яны працуюць на выбарах, збіраюць нядоімкі па камунальных паслугах, яны забяспечваюць падпіску газет. Ну які можа быць прэстыж гэтай прафесіі, калі гэта фактычна чорнарабочы ўлады? Важна, каб у настаўнікі не ішлі сацыяльныя аўтсайдары.

Еўрарадыё: За апошнія два гады ў нас скарачаўся набор на гуманітарныя спецыяльнасці і пашыраўся на нанатэхналагічныя. Гэта апраўдана?

Уладзімір Дунаеў: Ва ўсіх краінах ідзе барацьба за абітурыентаў на гэтых спецыяльнасцях. Ёсць розныя прыёмы, але ў нас карыстаюцца адміністратыўнымі метадамі: рабіць больш цяжкім паступленне на гуманітарныя спецыяльнасці, каб накіраваць людзей на інжынерныя. Але гэта не эфектыўна. Напрыклад, у Эстоніі робяць бясплатнай адукацыю на інжынерных спецыяльнасцях для ўсіх. Мы ніколі не вырашым праблему росту долі інжынерных кадраў, калі гэтая галіна не будзе фемінізаваная, калі жанчыны не пойдуць на гэтыя спецыяльнасці.

Еўрарадыё: Шмат кажуць пра тое, каб павялічваць экспарт нашай вышэйшай адукацыі. Гэта патрэбна?

Уладзімір Дунаеў: Фактычна, гаворка ідзе пра тое, што мы возім замежных студэнтаў на тыя месцы, якія не могуць быць занятыя беларусамі праз дэмаграфічную сітуацыю. Але ёсць паказчык якасці адукацыі: чым лепшая адукацыя, тым больш студэнтаў уязджае, у параўнанні з тым, колькі выязджае. Нашы ж студэнты ўцякаюць з Беларусі. Паводле апошніх звестак ЮНЭСКА, у нас было 10 тысяч замежных студэнтаў і 30 тысяч беларусаў, якія навучаюцца за мяжой.

Еўрарадыё: А ці ёсць у нас універсітэты ці факультэты, якімі можна было б ганарыцца?

Уладзімір Дунаеў: У нас дагэтуль эксплуатуюць міф пра высокую якасць адукацыі ў прыродазнаўчых навуках. Можа, у СССР так і было, але цяпер гэта — міф. Але я думаю, што спецыялісты ў галіне высокіх тэхналогій з БДУІРа могуць знайсці неблагую працу. З БДУ спецыялісты такога профіля, мяркую, таксама. Але ў нас часта якасць адукацыі залежыць ад самога студэнта. Часцяком ён можа насуперак сістэме дамагчыся добрых вынікаў і атрымаць добрую працу. А добрая праца ў нас — гэта праца за мяжой. Нельга сказаць, што ў нас усё вельмі кепска, але ў масавым парадку нашы ВНУ прадукуюць не вельмі якасных спецыялістаў. Мы адна з тых краінаў, якія не хочуць уводзіць крытэрыі міжнароднай ацэнкі. І пакуль не вельмі хочуць гэтага, таму што баяцца расчаравання.

Еўрарадыё: Калі параўноўваць якасць адукацыі ў нас і ў суседніх краінах, хто каго абганяе і ў чым?

Уладзімір Дунаеў: Адстаць настолькі далёка, як мы — так яшчэ ніводная еўрапейская краіна не адставала. Нашы суседзі якраз вельмі энергічна рэфармуюцца. У Беларусі часта гавораць пра самабытнасць беларускай адукацыі. Ніякай самабытнасці няма — гэта адсталасць. Мы паўтараем чужыя памылкі. Мы робім тое, што рабіла Украіна 10 гадоў таму. І Украіна, і Расія — нашы бліжэйшыя суседзі — вельмі моцна ўстурбаваныя рэформай адукацыі. Вядома, расійская сістэма адукацыі мае вельмі шмат заганаў, у тым ліку жахлівая карупцыя. Але калі бачыць там толькі карупцыю і не заўважаць прагрэсу, то мы ніколі не зробім крокаў у патрэбным кірунку.

Еўрарадыё: У нас у шмат якіх ВНУ скарацілі тэрмін навучання да 4 гадоў. Гэта не нашкодзіць?

Уладзімір Дунаеў: Калі першая ступень скарачаецца, а другая не развіваецца, то гэта дэградацыя сістэмы адукацыі. Чатыры гады — гэта няблага. Аднак мы маем вельмі рэдкую сістэму сярэдняй адукацыі. Такую сістэму мае не больш за дзясятак краін. Астатнія — 12- або 13-гадовую. Да таго ж школа дэманструе немагчымасць падрыхтаваць нармальных абітурыентаў у патрэбнай колькасці. Раней ВНУ карэктаваў вынікі сярэдняй адукацыі. І калі ў нас магістратура будзе такой, якая цяпер — 1,5% ад агульнай колькасці студэнтаў — гэта катастрофа.

Еўрарадыё: І якія крокі можна рабіць? Да прыкладу, я скончыў універсітэт, ужо хачу працаваць, грошы зарабляць — што можа мяне пераканаць пайсці ў магістратуру?

Уладзімір Дунаеў: Калі б у нас існавалі нармальныя ўмовы, калі б магістрант атрымліваў працу іншага ўзроўню, калі б гэта было запісана ў дакументах Мінпрацы і калі б у працадаўцаў была такая традыцыя, тады б было зразумела, навошта ісці ў магістратуру. Сёння ў магістратуры, як і ў аспірантуры, хлопец хаваецца ад войска або там можна адтэрмінаваць размеркаванне.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны