Навіны Аналітыка

Ігнатавічус: Мадэрнізацыю Беларусь і Еўропа разумеюць па-рознаму

Ігнатавічус: Мадэрнізацыю Беларусь і Еўропа разумеюць па-рознаму

1828 Праглядаў
Крыху больш за месяц таму амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус заявіў, што калі Літва пяройме старшынство ў Еўрапейскім Звязе, то Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі актывізуецца. Пра перспектывы беларуска-еўрапейскіх стасункаў ён расказаў слухачам Радыё Рацыя.

- Зараз актыўна абмяркоўваем гэту тэму і з прадстаўнікамі беларускіх улад, і з прадстаўнікамі Бруселя. Паняцце мадэрнізацыі адрозніваецца ў Беларусі і ў розных сталіцах Еўразвяза. Але галоўнае, каб яна вяла да збліжэння краін Еўразвяза і Беларусі, да збіжэння стандартаў, гандлю, стварэння такіх умоў, якія б спрыялі спрашчэнню паездак грамадзян і рээалізацыі супрацы ў іншых сферах, рэалізацыі сумесных праектаў. Наша мэта – каб у гэтым дыялогу паралельна ўдзельнічалі і ўлады Беларусі, і грамадзянская супольнасць. Каб уся Беларусь была задзейнічана.

- Вы казалі, што па-рознаму Беларусь і Еўропа бачаць мадэрнізацыю. Як яе бачаць Брусель і беларускія ўлады?

- З боку Еўрапейскага Звязу мадэрнізацыя – гэта ўсёабдымнае паняцце, якое ахоплівае трансфармацыю дзяржавы, уключаючы прававую сістэму, дэмакратычныя перамены, змены, звязаныя з усімі роўнямі ўлады, рэгіёнамі, самаўрадамі. Сапраўдная мадэрнізацыя эканомікі немагчымая без больш глыбокіх зменаў, без зменаў заканадаўства, без зменаў у структуры кіравання.

У Беларусі часцей за ўсё мадэрнізацыя мае на ўвазе прыцягнення новых тэхналогій, інвестыцый для падвышэння канкурэнтназдольнасці беларускай эканомікі. Мы павінны прыйсці да ўзаемаразумення, выкарыстоўваючы тыя інструменты, якія ў нас ёсць, не толькі ў праграме Дыялогу па мадэрнізацыі, але і ў такіх інструментах як Усходняе партнёрства.

Не так даўно адбылася агульная канферэнцыя з удзелам Савета Еўропы, Еўрапейскай камісіі, беларускіх уладаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці па адмене смяротнага пакарання. Па гэтай тэме шмат дыскутуюць. Нам ужо казалі пра канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку. Я думаю, што замежныя інвестыцыі, у тым ліку і літоўскія, садзейнічаюць пачатку размовы пра неабходнасць мадэрнізацыі законаў, каб больш спрыяльныя былі ўмовы для замежных інвестараў.

- Літва мае вельмі добрыя стасункі з Беларуссю ў эканамічным плане. Агульны таваразварот – больш 1 млрд даляраў, у Беларусі зарэгістравана 500 кампаній з літоўскім капіталам. Літву часта папракаюць, што яна надае шмат увагі эканоміцы і не звяртае ўвагі на многія палітычныя пытанні.

- Апошнім часам ідзе актыўны дыялог на усіх роўнях, у тым ліку і палітычным. Можна ўспомніць эканамічны форум у Клайпедзе, дзе ўдзельнічалі нашы прэм’еры. Візіт намесніцы міністра замежных спраў Алены Купчынай у Вільню. На такіх сустрэчах мы абмяркоўваем усе актуальныя пытанні, у тым ліку – будаўніцтва атамнай станцыі. А калі гаварыць пра эканамічныя пытанні, то гэта наш агульны інтарэс.

Беларускае суседства для нас вельмі важнае. У мінулым годзе 400 тысяч беларусаў прыехала ў Літву з рознымі мэтамі. І гэты паток павялічваецца з кожным годам. Я вельмі рады, што Вільня ізноў стала беларускім горадам, як 100 гадоў таму ў часы Янкі Купалы. Балтыйскае мора стала і беларускім таксама. Я б жорстка не аддзяляў палітычныя пытанні ад эканамічных. Усё пераплятаецца.

- Зараз шмат кажуць, што калі б Беларусь вызваліла палітвязняў, то стасункі сталі б больш інтэнсіўнымі. Многія лічаць, што іх вызваляць да Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні, які адбудзецца ў канцы лістапада.

- Гэта вельмі складаная тэма. Пра палітвязняў гаворыцца на ўсіх сустрэчах Ерапейскага Звяза і Беларусі і на нашых двухбаковых сустрэчах. Рашэнне гэтага пытання, безумоўна, адкрыла б шматлікія перспектывы адносін з Еўрзвязам і Беларуссю. І гэта таксама вельмі важна для Літвы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны