Навіны Навіны Беларусі

Уладзімір Дунаеў: "Беларусы ўцякаюць ад нашай адукацыі

Уладзімір Дунаеў: "Беларусы ўцякаюць ад нашай адукацыі

1727 Праглядаў Мінск
Нярэдка можна пачуць, што вышэйшая адукацыя ў нас добрая, проста настаўнікі дрэнна вучаць, дактары дрэнна лечаць, начальнікі дрэнна кіруюць. Журналіст sn-plus.com размаўляе на балючую тэму з экс-прарэктарам ЕГУ Уладзімірам Дунаевым.

Уладзімір Дунаеў – мабыць, найбольш аўтарытэтны эксперт у Беларусі ў галіне вышэйшай адукацыі. Сёння Уладзімір Аляксандравіч – сябра Грамадскага Балонскага камітэта, ініцыятывы па кантролі за ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс.

– Як можна ацаніць якасць вышэйшай адукацыі ў Беларусі? Як можна даказаць "простаму чалавеку", што ў гэтай сферы патрэбныя кардынальныя рэформы?

– Так, сапраўды ад простых людзей нярэдка можна пачуць, што вышэйшая адукацыя ў нас добрая, проста настаўнікі дрэнна вучаць, дактары дрэнна лечаць, начальнікі дрэнна кіруюць. Насамрэч многія праблемы – менавіта ад нізкай якасці адукацыі.

Мы не можам абапірацца на міжнародна прызнаныя крытэры ацэнкі якасці – у многіх краінах ёсць такія даследаванні, яны праводзяцца па адзінай методыцы, але Беларусь у іх не ўдзельнічае.

Аднак хапае ўскосных сведчанняў таго, што якасць адукацыі ў нас нізкая. Больш за тое, яна з кожным годам пагаршаецца, з гэтым хутчэй за ўсё пагодзяцца многія. І сітуацыя патрабуе рашучых дзеянняў, каб павярнуць назад гэты працэс.

– Калі я вучыўся ў БДУ ў канцы 80-х, ва ўсёй Беларусі было 80 тысяч студэнтаў, цяпер – каля 400 тысяч. Няўжо разумных маладых людзей стала ў 5 разоў больш?

– Вядома ж, не. Проста мы працягваем лічыць вышэйшую адукацыю доляй эліты. А яна стала масавай – не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Мы не можам выпасці з агульнага трэнду, і не трэба чакаць ад вышэйшай адукацыі таго, што яна магла раней даць толькі абраным. Гэта запатрабаванне сучаснага грамадства, масавая адукацыя, якая патрабуе новых формаў арганізацыі, новых канцэпцый, стратэгій. І агульнаеўрапейскі Балонскі працэс – гэта і ёсць адказ на гэтыя выклікі. Па мадэлях савецкай універсітэцкай адукацыі ўжо нельга вырашаць гэтыя праблемы.

– Якія галоўныя напрамкі рэформаў вышэйшай адукацыі ў Беларусі? Пра што кажуць у гэтым плане эксперты Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі?

– Каб змяніць якасць адукацыі, трэба перш за ўсё змяніць сістэму кіравання вышэйшай адукацыяй. Менавіта тут ключ да пазітыўных пераменаў. Пакуль сістэма застаецца аўтарытарнай, мы наўрад ці зможам дамагчыся сур’ёзных змяненняў у якасці адукацыі. Трэба падключаць да фармавання адукацыйнай палітыкі розныя сацыяльныя групы нашага грамадства. Яна павінная ўлічваць інтарэсы тых, хто плаціць за адукацыю. У нас усё больш за вышэйшую адукацыю плацяць самі студэнты, а "музыку" па-ранейшаму заказвае дзяржава. Дзве траціны студэнтаў вучацца на платных аддзяленнях, і яны павінныя мець свой голас, магчымасць фармаваць адукацыйную палітыку.

Тое, што трэба нешта рабіць, – не навіна. Існуюць мадэлі кіравання вышэйшай адукацыяй, якія сфармаваліся ў Еўропе і якія абазначаюцца тэрмінам "універсітэцкая аўтаномія".

– Вы ўжо згадалі агульнаеўрапейскі Балонскі працэс. Беларусь – адзіная краіна на кантыненце, якая не ўваходзіць у гэтую еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Чаму? І якое практычнае значэнне гэта мае для вышэйшай адукацыі?

– Беларускі выпадак сапраўды асаблівы. Мы – першая краіна, якой адмовілі ва ўступленні ў Балонскі працэс. Нашы чыноўнікі лічылі, што нас прымуць такімі, якімі мы ёсць – і не трэба будзе нічога мяняць. Ніхто асабліва і не заўважыў, як у 2009 годзе з Кодэкса аб адукацыі прыбралі артыкул "Універсітэцкая аўтаномія і акадэмічная свабода". І пры гэтым Міністэрства адукацыі спрабавала пераканаць еўрапейцаў, што "мы такія ж, як вы". І цяпер улада павінная вырашыць, што рабіць – махнуць рукой на Балонскі працэс і пакінуць усё як ёсць або падумаць, што зрабіць, каб стаць такімі, як усе ў Еўропе.

– Але калі будуць усе гэтыя еўрапейскія свабоды, то тады абітурыентаў не прымусіш уступаць у БРСМ, ісці на выбары…

– Вядома, не прымусіш. Але пакуль мы гаворым толькі аб неабходнасці рэфармавання заканадаўства. Важна разумець, што акадэмічныя свабоды – гэта не столькі і не толькі палітычныя свабоды. Мы можам казаць пра змены ва ўніверсітэтах, не карыстаючыся тэрмінам палітычнай волі.

– Паклаўшы руку на сэрца, сённяшнім выпускнікам школы куды б вы параілі паступаць – у беларускую ВНУ або ў замежную?

– Рэч у тым, што нашы абітурыенты ўжо робяць гэты выбар. Цяпер мы назіраем масавыя ўцёкі беларускіх маладых людзей за мяжу. Прычым тэмпы гэтых уцёкаў пагрозлівыя. Ёсць такі паказчык, як каэфіцыент чыстай мабільнасці, які параўноўвае колькасць тых, хто заязджае ў краіну ў якасці замежнага студэнта, і тых, хто выязджае. Паводле апошніх дадзеных, гэта 2010 год, больш за 30 тысяч беларусаў вучыцца за мяжой. Прычым за 5 гадоў іх колькасць вырасла ў тры разы.

Сёння пераконваць беларускага абітурыента, што яму трэба абавязкова паступаць у беларускую ВНУ, я б не стаў. Мне здаецца, што чалавек павінен асэнсавана рабіць свой выбар. З іншага боку, калі ўсё больш людзей будуць рабіць гэты выбар на карысць замежных ВНУ, гэта будзе аказваць ціск на ўлады, якія вымушаныя будуць нешта мяняць у нашай сістэме адукацыі. Урэшце нацыянальная сістэма вышэйшай адукацыі павінная стаць сапраўды якаснай, каб прыцягваць беларускіх студэнтаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны