Навіны Навіны Беларусі

Беларусы свету сабраліся на шосты з’езд

Беларусы свету сабраліся на шосты з’езд

2151 прагляд Мінск
Міжнародны форум праходзіць у Мінску 23–24 ліпеня. Яго праводзіць Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Упершыню прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін сьвету сабраліся ў незалежнай Беларусі 20 гадоў таму, нагадвае радыё Свабода.

Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» зьбірае агульны сход раз на чатыры гады. Галоўнай тэмай чарговага, шостага міжнароднага форуму — «Беларуская нацыя ва ўмовах глябалізацыі: вынікі і магчымасьці». Чым яна абумоўлена, тлумачыць старшыня аргкамітэту Радзім Гарэцкі:

«У нас ёсьць вельмі вялікі неспакой аб захаваньні беларусаў у сьвеце. І асабліва кепская справа зь беларускай мовай. А як ведаеце, няма мовы — няма і нацыі. І ня толькі глябалізацыя, але і сытуацыя ўнутраная вельмі неспрыяльная для беларушчыны. Таму гэтая тэма на сёньня ёсьць найгалоўнай».

У аргкамітэце паведамляюць, што на Шосты ўсясьветны форум прыедуць каля 200 беларусаў з 18 краінаў сьвету, у тым ліку з Канады і ЗША. Удзельнічаюць у мерапрыемтсве і прадстаўнікі Руху «За Свабоду». Але з прычыны адлегласьці і паважнага ўзросту не прыедзе дэлегацыя беларусаў Аўстраліі. З гэтай жа прычыны ня будзе і некаторых вядомых асобаў, але спадзяваньні на лепшае дае пераемнасьць пакаленьняў у беларусаў замежжа, кажа старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская:

«Шкада, што такія заўважныя прадстаўнікі беларускай дыяспары, вядомыя грамадзкія дзеячы, як айцец Аляксандр Надсан, Алена Міхалюк, Вітаўт Кіпель — яны таксама ня здолеюць прыняць удзел у зьезьдзе, бо не дазваляе ўзрост і стан здароўя. Але прыедзе Алеся Кіпель, і яна якраз і будзе прадстаўніцай другога пакаленьня беларускай дыяспары і прыкладам пераемнасьці пакаленьняў».

Як паведаміла Алена Макоўская, цяперашні зьезд традыцыйна пройдзе ў Міжнародным адукацыйным цэнтры. Яго падрыхтоўка прайшла безь перашкодаў, але і без удзелу дзяржаўных уладаў. Тым часам правядзеньне Першага зьезду беларусаў сьвету 20-гадовай даўніны непараўнальнае зь цяперашнім часам, кажа былы старшыня «Бацькаўшчыны» Радзім Гарэцкі:

«Параўнаць зь першым зьездам проста немагчыма — гэта неба і зямля. Бо першы зьезд прайшоў вельмі шыкоўна, пры ўдзеле дзяржаўных уладаў, на самым вышэйшым узроўні. Такога больш не было, і пазьней былі толькі цяжкасьці. За гэтыя гады было больш страт, чым набыткаў. Але нас яднае любоў да нашай Бацькаўшчыны, да народу, да Беларусі, і таму — як бы ні было цяжка — мы ўсё роўна будзем змагацца за мову, за культуру, за беларускую Беларусь».

Сябры аргкамітэту таксама паведамляюць, што на Шостым зьезьдзе беларусаў сьвету ўсё ж плянуюцца выступы прадстаўнікоў дзяржаўных ўладаў Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны