Навіны Навіны Беларусі

Літоўцы будуць дэзінфікаваць усіх, хто едзе ў краіну з боку Беларусі

Літоўцы будуць дэзінфікаваць усіх, хто едзе ў краіну з боку Беларусі

1594 праглядаў Вільнюс
Літва робіць больш жорсткім парадак кантролю на мяжы з Беларуссю, каб засцерагчыся ад афрыканскай чумы свіней (АЧС).

"З 23 ліпеня на мяжы з Беларуссю будуць дэзінфікаваць абутак усіх, хто перасякае мяжу, – людзі павінны будуць выйсці з транспарту і прайсціся па спецыяльных дарожках, насычаных дэзінфікавальным сродкам", – паведамляе БелаПАН са спасылкай агенцтва BNS.

Дэзінфекцыя транспартных сродкаў была распачата раней. "Мы павінны былі падрыхтавацца да дэзінфекцыі абутку пасажыраў, бо не так проста вывесці з аўтамабіля і аўтобуса ўсіх людзей. Гэта дадатковыя патокі людзей на мытні, кантроль. Бываюць сітуацыі, калі людзі адмаўляюцца гэта зрабіць. У такіх выпадках на дапамогу даводзіцца клікаць памежнікаў. Працы шмат, таму што на мяжы з Беларуссю размешчаны 16 КПП", – цытуе BNS кіраўніка Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы Літвы Ёнаса Мілюса.

Паводле яго слоў, той, хто адмовіцца прайсці дэзінфекцыю, не будзе прапушчаны на тэрыторыю Літвы.

Літоўскія ўлады хочуць уладкаваць на мяжы з Беларуссю ахоўную сцяну ў мэтах засцярогі ад АЧС і просяць кіраўніцтва ЕС дапамагчы ў гэтым. Па дапамогу ў ЕС звярнуліся таксама Латвія і Польшча, якія суседнічаюць з Беларуссю, паведаміў Мілюс. "Падключэнне іншых краін павялічвае вагу просьбы, аднак адказу мы пакуль не атрымалі", – сказаў літоўскі чыноўнік, зазначыўшы, што запыт аб фінансавай дапамозе быў накіраваны ў Еўрапейскую камісію яшчэ ў пачатку ліпеня.

Між тым, падкрэсліў Мілюс, фінансавая падтрымка вельмі патрэбна, бо тры названыя краіны ахоўваюць не толькі свае межы, але і мяжу ўсяго Еўрасаюза з Беларуссю.

Дзяржаўная харчова-ветэрынарная служба Літвы просіць Еўракамісію выдзеліць для барацьбы з АЧС у Беларусі 13,5 млн. еўра (46,6 млн. літаў), бо 750 тысяч літаў, выдзеленых на абсталяванне для дэзінфекцыі на мяжы, да сярэдзіны жніўня ўжо будуць патрачаны. 10 млн. еўра (34,5 млн. літаў) з запытанай сумы спецыялісты хочуць выкарыстаць на ўстаноўку агароджаў ад жывёл на мяжы з Беларуссю.

У пачатку ліпеня Ёнас Мілюс заяўляў, што Літва прыняла неабходныя меры для прадухілення пранікнення інфекцыі і праінфармавала аб пагрозе Еўракамісію. Сітуацыю з распаўсюджаннем АЧС у Беларусі ён назваў "практычна некіраванай". "У Бруселі гэтым вельмі занепакоены. Калі ў Літве ці ў Латвіі выявіцца хаця б адзін ачаг інфекцыі, гэта прывядзе да спынення экспарту з усяго Еўрасаюза", – сказаў літоўскі чыноўнік.

Ачагі АЧС афіцыйна выяўлены ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці і ў Віцебскім раёне. Беларускія ўлады заявілі, што прычынай захворвання свіней стаў заражаны камбікорм, які быў пастаўлены прадпрымальнікам з-за межаў Беларусі і рэалізаваны насельніцтву.

У Беларусі створаны рэспубліканскі штаб па барацьбе з АЧС на чале з віцэ-прэм`ерам Міхаілам Русым
Часовая забарона на ўвоз свіней і свініны з Беларусі ўведзена ў Расіі, ва Украіне, у Польшчы, Літве і Латвіі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны