Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч: Дыскусія ў беларускім інтэрнэце наконт санкцый з’яўляецца штучнай

Мілінкевіч: Дыскусія ў беларускім інтэрнэце наконт санкцый з’яўляецца штучнай

2317 Праглядаў Варшава
15 ліпеня ў Варшаўскім універсітэце дзясяты раз пачалася «Усходнееўрапейская канферэнцыя». Сёлета яна праходзіць пад лозунгам «Across the Borders» («Па-над межамі»).

Як адзначае Еўрарадыё, у першы дзень мерапрыемства найбольшая ўвага была нададзеная Беларусі. Прайшла сустрэча, на якой абмяркоўваліся магчымыя трансфармацыйныя працэсы ў Беларусі, фарміраванне беларускай нацыі ды ідэалогія заходнерусізму ў Беларусі. Удзел у размове сярод іншых узялі старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.

Таксама адбыўся круглы стол ”Беларусь сёння: стабільнасць супраць дэстабілізацыі”. Слова ўзялі Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч і сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Падчас круглага стала чакалі, што паміж яго ўдзельнікамі разгорнецца вострая дыскусія. Тым больш, што абодва былыя кандыдаты ў прэзідэнты маюць супрацьлеглую пазіцыі наконт санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Дарэчы, і Станіслаў Шушкевіч у каментары для Еўрарадыё перад мерапрыемствам выказаў меркаванне, што будзе абмяркоўвацца дапамога беларускім уладам з боку Еўрасаюза і Расіі.

Шушкевіч: ”Стабілізацыя і дэстабілізацыя ў Беларусі — гэта даволі-такі цікавае пытанне, таму што наш агідны палітычны рэжым увесь час прымае меры, каб стабілізаваць сітуацыю пад сябе. Ну, а чалавечы розум і жыццё адкідвае такія падыходы. Увесь час ідзе такое змаганне. І калі наш рэжым траціць здольнасць стабілізаваць сітуацыю, яму звычайна дапамагае Расія. І самае дзіўнае, што час ад часу яму таксама дапамагае тая самая Еўропа, якая з гэтым палітычным рэжымам не згодная”.

Аднак паўнавартаснай дыскусіі так і не атрымалася. Удзельнікі сустрэчы адказвалі на пытанні польскага мадэратара і практычна не ўступалі ў дыскусію паміж сабой.

У каментары Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч адзначыў важнасць канферэнцыі, бо яна нагадвае аб праблемах у Беларусі. У той жа час палітык не стаў хаваць і факт напружанасці паміж апазіцыянерамі, якія селі за адзін стол.

Мілінкевіч: “У нас ёсць абсалютна розныя погляды на некаторыя рэчы. Вось гэтая тэма абсалютна не гучала: санкцыі, не санкцыі... Хаця я лічу, што дыскусія ў беларускім інтэрнэце наконт санкцый з’яўляецца штучнай. Таму што я не ведаю палітыкаў у Еўропе ці Злучаных Штатах Амерыкі, якія б казалі, што шырокія эканамічныя санкцыі — гэта спосаб дэмакратызаваць Беларусь. А паміж намі ёсць напружанасць. Калі апазіцыя так доўга працуе, то ёсць гісторыя ўзаемных крыўдаў, падазрэнняў, хто больш значны агент. Я ў гэтым не ўдзельнічаю”.

Канферэнцыя завершыць сваю працу 18 ліпеня. На мерапрыемстве яшчэ выступяць былы міністр замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк, расійскі палітык Барыс Нямцоў ды іншыя.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны