Навіны Аналітыка

Чаго чакаць беларусам ад старшынства Літвы ў ЕС?

Чаго чакаць беларусам ад старшынства Літвы ў ЕС?

1816 Праглядаў
З 1 ліпеня Летува на паўгода становіцца старшынёй Рады Эўрапейскага зьвязу. Якія пытаньні будуць для Вільні прыярытэтнымі? Чаго чакаюць ад летувіскага старшынства беларускія дэмакраты ды ўлады?

Старшынство ў Радзе Эўразьвязу – гэта збольшага адміністрацыйная функцыя. Краіна-старшыня распрацоўвае праграму працы й спрыяе камунікацыі паміж рознымі установамі ЭЗ, аднак не вызначае зьнешняй палітыкі. 80% пытаньняў, якімі будзе займацца ў гэтым паўгодзьдзі Летува – эканамічнага характару. Гэта рэформы фінансавага рынку, стабілізацыя эўра, стварэньне зоны вольнага гандлю паміж ЭЗ й ЗША, Японіяй ды Канадай. Сярод прыярытэтаў Эўразьвязу падчас старшынства Летувы знаходзіцца й разьвіцьцё стасункаў з усходнімі суседзямі. У лістападзе ў Вільні пройдзе саміт Усходняга партнэрства, кажа дырэктар віленскага Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Крысціна Вайчунайце:

- Усе чакаюць, што на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні будзе падпісаная дамова аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Ўкраінай. Адбудзецца гэта, ці не, залежыць ад крокаў украінскага кіраўніцтва. На саміце зьбяруцца як прадстаўнікі ўрадаў, так і грамадзянскай супольнасьці ды экспэртаў краінаў Усходняга партнэрства. Яны абмяркуюць, што рабіць з Усходнім партнэрствам пасьля віленскага саміту.

Беларуская апазыцыя й недзяржаўныя арганізацыі спадзяюцца, што падчас старшынства Летувы ў ЭЗ Беларусь апынецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх краінаў, а гэта само па сабе немалаважна, кажа палітоляг, намесьнік старшыні Руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец:

- Летува дэманструе, што яна вельмі цікавіцца Беларусьсю, яна запрашае беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Думаю, падобныя запрашэньні яна рабіла і для ўладаў. Кіраўніцтва Летувы хоча растлумачыць Менску свае прыярытэты й дзеяньні на пасадзе старшыні ЭЗ.

Улады таксама зьвязваюць зь летувіскім старшынством у Эўразьвязе пэўныя надзеі. Не сакрэт, што беларускія чыноўнікі й бізнэсмэны актыўна супрацоўнічаюць з Летувой. Улады хочуць скарыстацца старшынством Вільні, каб нарэшце дабіцца ад Эўропы прызнаньня, кажа Алесь Лагвінец:

- Улады спрабуюць завязаць празь Летуву дыялёг з Эўрапейскім зьвязам, але гэты дыялёг своеасаблівы. Улады хочуць празь Вільню дамагчыся прызнаньня таго, што сёньняшні рэжым зьяўляецца легітымным, больш за тое, прызнаньня таго, што ён зьяўляецца адзіным законным прадстаўніком усіх беларусаў.

Малаверагодна, што Эўразвяз пачне больш настойліва патрабаваць ад Менска рэформаў, лічыць палітычны аглядальнік, сябра Рады Руху "За Свабоду" Андрэй Фёдараў. Малаверагодна й тое, што падчас старшынства Летувы ў ЭЗ стасункі паміж беларускімі ўладамі й Брусэлем палепшацца:

- Гэта наўрад ці адбудзецца, бо рашэньні ў Эўразьвязе прымаюцца не краінай-старшынёй, а кансэнсусам. Летува можа ставіць некаторыя пытаньні на разгляд Рады Эўразьвязу, але я ня веру, што ЭЗ пойдзе на нейкія радыкальныя зьмены палітыкі па прапанове Летувы. Для гэтага трэба, каб крокі насустрач Эўразьвязу зрабіў спачатку Менск.

Кіраўнікі Беларусі добра ведаюць, якія крокі трэба зрабіць, каб Брусэль выдаліў іх са сьпісу неўязных. Перадусім гэта вызваленьне палітвязьняў, кажа Крысціна Вайчунайце. Рашэньне наконт палітыкі ў стасунку да Беларусі прымаецца не Летувой,а ўсімі дзяржавамі Эўразьвязу, падкрэсьлівае экспэрт:

- Пытаньне пра тое, хто прыедзе на віленскі саміт ад Беларусі, да канца ня вырашанае. Я магу сказаць толькі тое, што Летува аднаасобна не вырашае пытаньне пра запрашэньне афіцыйных асобаў. Старшынство ў Эўразьвязе азначае, што мы становімся пасярэднікамі ў розных дыскусіях Эўразьвязу. Рашэньне, каго запрасіць ў Вільню, будзе прымацца ўсімі сталіцамі Эўразьвязу, а ня толькі Летувой.

Ані збліжэньня паміж Менскам і Брусэлем, ані больш рашучай ці арыгінальнай палітыкі Эўропы па прасоўваньні рэформаў у Беларусі экспэрты не чакаюць. У найлепшым выпадку саміт у Вільні дасьць міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею мажлівасьць ўпершыню за тры гады паразмаўляць са сваімі заходнімі калегамі. Аднак ня выключана, што Макей ехаць у Вільню адмовіцца, кажа Андрэй Фёдараў:

- Санкцыі супраць Макея замарозілі толькі ўмоўна. Мы ведаем, што калі ня будзе крокаў насустрач, то яны могуць быць уведзеныя зноў. А па-другое, беларускі бок можа таксама палічыць такое часовае прыпыненьне санкцыяў недастатковым. Менск хоча, каб стасункі былі нармалізаваныя без усялякіх зрухаў зь яго боку.

“Я б не спадзяваўся, што на працягу 6 месяцаў сытуацыю можна сур’ёзна зьмяніць, – падкрэсьлівае палітоляг Алесь Лагвінец. - Аднак важна ўжо тое, што суседняя краіна, зь якой мы зьвязаныя шматвяковай гісторыяй, будзе адыгрываць значную ролю ў аб’яднаньні з 28 краінаў”. Шматлікія беларускія турысты, якія наведваюць Летуву, змогуць на ўласныя вочы ўбачыць, што нават малыя краіны ў Эўразьвязе захоўваюць свой сувэрэнітэт і могуць быць надзвычай актыўнымі, падсумоўвае экспэрт. //Польскае радыё для замежжа

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны