Навіны Беларусь і Свет

Cтаршынства ў ЕС на паўгода пераходзіць да Літвы

Cтаршынства ў ЕС на паўгода пераходзіць да Літвы

1531 прагляд
1 ліпеня старшынства ў Еўрасаюзе на паўгода перайшло ад Ірландыі да Літвы.

Галоўнымі прыярытэтамі новага старшынства ЕС стануць фінансавая стабільнасць, заахвочванне росту эканомікі і адкрытая і бяспечная Еўропа, паведамляе сайт старшыні www.eu2013.lt.

Для аднаўлення даверу да Еўропы неабходна забяспечыць фінансавую стабільнасць, перакананы ў Літве. Намаганні Вільнюса, такім чынам, будуць скіраваны на далейшае стварэнне банкаўскага саюза, развіццё іншых заканадаўчых прапаноў у сферы рэформ фінансавага рынку, заахвочванне лепшага кіравання эканомікай і барацьбу з укрывальніцтвам ад выплаты падаткаў.

Другі прыярытэт Літвы — заахвочванне росту эканомікі. Як старшыня ЕС, Літва будзе імкнуцца да прыняцця прававых актаў для функцыянавання агульнага рынку Еўрапейскага саюза, а таксама працаваць над рэалізацыяй дырэктывы аб паслугах на ўнутраным рынку.

Сярод галоўных мэтаў будуць: агульны лічбавы рынак, стварэнне ўнутранага энергетычнага рынку ЕС, паляпшэнне інфраструктуры і транспартных злучэнняў. "Літва будзе імкнуцца да далейшага ўмацавання агульнага рынку Еўрапейскага саюза, забеспячэння росту эканомікі і стварэння працоўных месцаў, асаблівую ўвагу надаючы павышэнню занятасці моладзі", — сказана на сайце літоўскага старшынства.

Трэцім прыярытэтам Літвы названа "адкрытая і бяспечная Еўропа". Вялікая ўвага будзе нададзена дасягненню прагрэсу ў перамовах аб свабодным гандлі са стратэгічнымі партнёрамі ЕС — ЗША, Японіяй, Канадай. Літва таксама будзе імкнуцца да больш цеснага партнёрства з іншымі ўдзельнікамі агульнай палітыкі бяспекі і знешняй палітыкі Еўрасаюза.

Старшыня сфакусуецца на больш цеснай інтэграцыі ЕС і ўсходніх партнёраў, у прыватнасці правядзе саміт Усходняга партнёрства ў лістападзе. Літва будзе працаваць над дасягненнем прагрэсу ў працэсе пашырэння (Еўрасаюза), больш эфектыўным кантролем знешніх межаў і лепшай каардынацыяй у знешняй энергетычнай палітыцы ЕС.

Саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільнюсе 28—29 лістапада. Чакаецца, што падчас яго будзе падпісана пагадненне аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і Украінай, а з Арменіяй, Грузіяй і Малдовай аналагічныя пагадненні будуць парафіяваны.

Пакуль не зразумела, на якім узроўні на саміце будзе прадстаўлена Беларусь. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка ўключаны ў спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЕС. Не выключана, што інтарэсы Мінска на саміце выкладзе міністр замежных спраў Уладзімір Макей, візавыя санкцыі ў дачыненні якога ЕС прыпыніў 25 чэрвеня.

Афіцыйныя прадстаўнікі Літвы неаднаразова заяўлялі, што падчас старшынства іх краіны ў Еўрасаюзе наважаны садзейнічаць наладжванню адносінаў паміж Мінскам і Бруселем.

Пры гэтым, як падкрэсліў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ў Вільнюсе 27 чэрвеня, Літва будзе пастаянна ўзнімаць тэму вызвалення палітзняволеных "на той узровень, які дазволіў бы праблеме вырашыцца". //БелаПАН

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны