Навіны Навіны Руху

Прэмія Быкава — у Марачкіна і Вайцюшкевіча

Прэмія Быкава — у Марачкіна і Вайцюшкевіча

3139 Праглядаў Бычкі
19 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава (у вёсцы Бычкі ва Ушацкім раёне) адбылося ўручэнне сёлетняй прэміі «За свабоду думкі», заснаванай кіраўніком Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

Прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў гэтым годзе ўганараваны два чалавекі — музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін.

Лаўрэатаў абралі ўладальнікі прэміі «За свабоду думкі» мінулых гадоў: імі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз.

Нагадаем, прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Прызначэннем прэміі з’яўляецца ўслаўленне моцы думкі і духу, плённай працы на ніве беларушчыны. Ідэя заснаваць яе ўзнікла пасля атрымання Мілінкевічам прэміі «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.

Працы Алеся Марачкіна (псеўданім — Алесь Мара) захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.

Алесь Марачкін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў справе нацыянальнага адраджэння, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа (1992). Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага звання — «Заслужаны мастак БССР» у 1989 годзе, пратэстуючы супраць сістэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, і «Заслужаны мастак Рэспублікі Беларусь» у 1995 годзе на знак пратэсту супраць антыбеларускай і антыдэмакратычнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Зміцер Вайцюшкевіч удзельнічаў у гуртах «Крыві» і «Палац». Зараз ён лідар і кіраўнік гурту «WZ-Orkiestra». Гурт выконвае музыку ў стылі world music, рэтра, гарадскі шансон, рок, аўтарская песня. Прызнаваўся «Музыкам году» і «Выканаўцам году» на «Рок-каранацыі».

Больш фотаздымкаў тут

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны