Навіны Навіны Беларусі

Камітэт «Салідарнасць» распачаў кампанію «Тыдзень палітвязня»

Камітэт «Салідарнасць» распачаў кампанію «Тыдзень палітвязня»

3798 Праглядаў Мінск
Пра гэта было абвешчана на прэс-канферэнцыі арганізацыі, якая адбылася ў офісе Руху «За Свабоду».

На працягу тыдня на сайце salidarnasc.org у рубрыцы «Пяць нагодаў, каб больш даведацца пра палітвязня» можна будзе атрымаць інфармацыю, што тычыцца канкрэтнага палітычнага зняволенага: важныя моманты з жыцця, біяграфію, сведчанні паплечнікаў, словы падтрымкі ад беларускіх і замежных грамадскіх дзеячоў, і галоўнае, напамін пра патрэбу ў ліставанні са зняволенымі — галоўны сродак, якім мы можам выказаць сваю салідарнасць з імі.

У офісах незалежных СМІ і НДА, партый і рухаў будуць распаўсюджвацца адмыслова падрыхтаваныя на замову камітэта «Салідарнасць» паштоўкі, якія не нясуць прамых заклікаў і лозунгаў, але маюць глыбокі сэнс.

Мяркуецца, што кампанія будзе доўжыцца да жніўня.

Ва ўступным слове старшыня камітэта «Салідарнасць» Іна Кулей адзначыла, што кампанія «Тыдзень палітвязня» — гэта своеасаблівы інфармацыйны марафон, каб падрабязна пазнаёміць шырокае кола грамадзян Беларусі з асобай чалавека, які зараз пакараны зняволеннем за свае перакананні.

«Беларусь — ня ёсць свабодная дзяржава. У нас людзі сядзяць за кратамі за свае перакананні. Наша задача — данесці гэтую інфармацыю да як мага большага кола людзей і ініцыяваць хвалю салідарнасці са зняволенымі», — адзначыла Іна Кулей.

Першы тыдзень адкрываецца публікацыяй пра Міколу Статкевіча, дзе распавядаецца пра цікавыя старонкі біяграфіі палітыка якія могуць падштурхнуць звычайнага, неангажаванага ў палітыку чалавека напісаць ліст падтрымкі палітыку.

Жонка Міколы Марына Адамовіч, якая прысутнічала на прэс-канферэнцыі, пазнаёміла прысутных з апошнім лістом ад Міколы, што прыйшоў у суботу. З яе слоў з ліста зразумела, што Мікола па ранейшаму моцны духам, ён змагаецца, нічога не памянялася. «Гэтыя людзі дэманструюць большую сілу і самаадданасць чымсьці ўсе мы на волі». Мікола Статкевіч перадаў персанальнае прывітанне «Салідарнасці» падзякаваў усім, хто дасылае лісты, за падтрымку.

Зараз у Беларусі налічваецца 9 палітычных вязняў, прызнаных міжнароднай праваабарончай супольнасцю. Ад падзей 19 снежня 2010 года апынуліся ў няволі былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў. За барацьбу з карупцыяй асуджаны прадпрымальнік, ветэран вайны ў Афганістане Мікалай Аўтуховіч. За праваабарончую дзейнасць пазбаўлены волі старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Асуджаныя па так званай «справе анархістаў» Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Мікалай Дзядок. Камітэт «Салідарнасць» таксама лічыць, што не варта забывацца на Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку, якія атрымалі палітычна матываваны прысуды, якія вымагаюць як мінімум перагляду.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны