Навіны Навіны Руху

Камітэт ААН рэкамендуе беларускім уладам змяніць заканадаўства аб мітынгах

Камітэт ААН рэкамендуе беларускім уладам змяніць заканадаўства аб мітынгах

1738 Праглядаў Гомель
Камітэт па правах чалавека Арганізацыі аб'яднаных нацый прызнаў факт парушэння ўладамі Беларусі права гамяльчаніна Андрэя Аляшкевіча на свабоду распаўсюду інфармацыі, паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка.

Гаворка ідзе пра падзеі 2008 года, калі Аляшкевіч распаўсюджваў улёткі аб маючай адбыцца сустрэчы лідара Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Гомеля. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго, а суд прызнаў вінаватым і аштрафаваў. Аляшкевіч палічыў, што такім чынам улады парушылі яго канстытуцыйнае права на распаўсюд інфармацыі, і з дапамогай праваабаронцы Судаленка паспрабаваў аспрэчыць дзеянні міліцыі і рашэнне суда. Гомельскі актывіст прайшоў усе судовыя інстанцыі ў Беларусі, але безвынікова – нацыянальнае заканадаўства забараняе распаўсюджваць інфармацыю аб масавых мерапрыемствах, якія ня санкцыянаваныя ўладамі.

У выніку Аляшкевіч звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), які прызнаў, што дзяржава парушыла яго грамадзянскае права. Камітэт рэкамендаваў уладам Беларусі выплаціць Аляшкевічу ўсе панесеныя страты, на працягу 90 дзён апублікаваць дадзенае рашэнне ў дзяржаўных СМІ, а таксама праінфармаваць КПЧ аб выкананні гэтых рэкамендацыяў.

"Але ўсё ж самым галоўным дасягненнем Андрэя Аляшкевіча можна лічыць тое, што міжнародныя эксперты рэкамендавалі ўраду Беларусі змяніць нормы нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь у свой час падпісала"
, – падкрэсліў Судаленка.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны