Навіны Навіны Руху

Беларускае пытанне абмяркуюць у рамках сесіі Еўранеста ў Бруселі

Беларускае пытанне абмяркуюць у рамках сесіі Еўранеста ў Бруселі

1349 Праглядаў Мінск Брусэль
У рамках трэцяй пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) 28 мая ў Бруселі адбудзецца пасяджэнне рабочай групы па Беларусі. Аб гэтым БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Нагадаем, на мерапрыемствы ў рамках сесіі Еўранеста, якая пройдзе 28–29 мая ў Бруселі, запрошаны прадстаўнікі шасці беларускіх апазіцыйных арганізацый – Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Руху "За Свабоду", кампаніі "Гавары праўду!" і аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

Паводле слоў Аляксея Янукевіча, беларускія дэмакратычныя партыі і арганізацыі гатовы выказваць на мерапрыемствах у рамках сесіі сумесную пазіцыю па шэрагу пытанняў. "Так, мы вітаем дыялог, але падкрэсліваем, што ён павінен быць абумоўленым. Паўнацэнны, поўнафарматны дыялог можа быць толькі пасля вызвалення палітзняволеных і аднаўлення іх у палітычных і грамадзянскіх правах. Мы лічым гэта вельмі важнай перадумовай паўнацэннага дыялогу", – сказаў ён.

Акрамя таго, прадоўжыў Янукевіч, "ёсць сумесная пазіцыя, якая тычыцца ініцыятывы "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі". "Як палітычныя суб'екты, мы хацелі б адыгрываць больш значную ролю ў гэтым пытанні, у тым ліку ў сувязі з тым, каб дыялог ажывіўся і меў практычную рэалізацыю. Таксама мы хацелі б выступаць суб'ектамі, якія з'яўляюцца заказчыкамі тэм для працы даследчыкаў, рабочых груп у Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі", – адзначыў ён.

"Мы хацелі б, каб больш актыўную пазіцыю займала Еўракамісія і яе прадстаўніцтва ў Мінску па пытанні еўрапейскага дыялогу і супрацоўніцтве з дэмакратычнымі партыямі", – дадаў палітык.

Янукевіч паведаміў, што ў Бруселі запланавана сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных арганізацый з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Яцэкам Пратасевічам. Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне арганізацыі сустрэчы з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфанам Фюле.

Нагадаем, год таму, выступаючы на сесіі Еўранеста ў Баку, еўракамісар Фюле заявіў: у рэгіёне Усходняга партнёрства няма месца палітзняволеным. Ён выказаў шкадаванне наконт няўдзелу ў працы асамблеі дэпутатаў беларускага парламента. "Думаю, аднойчы яны далучацца да вашай асамблеі", – сказаў Фюле, падкрэсліўшы важнасць умацавання сувзей Еўропы з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны