Навіны Навіны Руху

Баранавіцкі райвыканкам другі раз забараніў Мілавідскі фэст

Баранавіцкі райвыканкам другі раз забараніў Мілавідскі фэст

1939 Праглядаў Баранавічы Мілавіды
Арганізатары Мілавідскага фэсту падалі заяву на перанос свайго мерапрыемства з 2 на 9 чэрвеня. Улады адказалі чарговай адмовай, бо заяўнікі нібыта «парушылі пункт 5 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах».

Як раней паведамляў ПЦ «Вясна», культурна-асветніцкае мерапрыемства было запланавана грамадскасцю горада і раёна першапачаткова на 2 чэрвеня, але райвыканкам забараніў яго правядзенне, паведаміўшы арганізатарам, што «...ў гэты дзень і ў гэтым месцы аддзел культуры Баранавіцкага райвыканкама запланаваў правядзенне свайго мерапрыемства ў сувязі з 150-мі ўгодкамі Мілавідскай бітвы 1863 года, таму правядзенне другога мерапрыемства па гэтай тэматыцы не мэтазгодна».

«Паколькі фактычна няма інфармацыі аб запланаваным аддзелам культуры райвыканкама мерапрыемстве на 2 чэрвеня, то арганізатары Мілавідскага фэсту падалі новую заяву аб дазволе на перанос свайго мерапрыемства на 9 чэрвеня», — паведаміў актывіст Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца.

Але 21 траўня арганізатары культурна-асветніцкага мерапрыемства Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат і Тэрэса Селівончык атрымалі чарговую забарону. Гэта стала вядома з ліста № 267 ад 20.05.2013г. за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Філанчука, у якім паведамляецца, што Баранавіцкі райвыканкам зноў забараняе Мілавідскі фэст, бо заяўнікі, на думку райвыканкама, парушылі п. 5 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах». Але чыноўнік райвыканкама не патлумачыў, што канкрэтна яны парушылі.

Віктар Сырыца адзначае: «Мы як ніколі сур’ёзна падыйшлі да напісання заявы: указалі мэты, месца і час мерапрыемства, крыніцы фінансавання, лозунгі, напісалі падрабязную праграму фэста, вызначылі адказных асоб, прыклалі іх абавязацельствы, заключылі дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай па абслугоўванню нашага мерапрыемства, не давалі ніякай папярэдняй інфармацыі ў СМІ і г.д. Лічу, што не мы парушылі закон, а райвыканкам не выконвае арт. 51 Канстытуцыі Беларусі і не дае нам права на ўдзел у культурным жыцці.»

Актывіст паведаміў таксама, што ў іх яшчэ амаль 2 тыдня і ініцыятыўная група па правядзенню Мілавідскага фэсту будзе думаць, як годна адзначыць у склаўшыхся ўмовах гэтую слаўную дату нашай гісторыі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны