Удзельнікаў канфэрэнцыі павітаў сьпікер польскага Сэйму Гжэгаж Схэтына: «Жадаю вам ніколі не здавацца. Гэта самае важнае ў барацьбе за свабодную і незалежную Беларусь, за тое, каб Беларусь магла жыць нармальна і быць часткаю агульнай Эўропы. Жадаю вам ўсяго найлепшага і перамогі!»
Спадар Схэтына паабяцаў дэмакратычным сілам Беларусі ўсемагчымую дапамогу і падтрымку.
Надзвычай важную ролю Польшчы ў спрыяньні дэмакратыі ў Беларусі падкрэсьліў лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч: «Гэта вельмі важная канфэрэнцыя, бо Польшча была заўсёды найбольш актыўнай у падтрымцы дэмакратыі пасьля 2006 году. Усе ведаюць, што палякі зрабілі і праграму Каліноўскага, і Белсат, і Радыё Рацыя, і праграмы для НДА. І тое, што яны і цяпер спрабуюць найбольш дапамагчы з усіх эўрапейскіх краінаў і максымальна апэратыўна — гэта вельмі каштоўна. Тут сабраліся прадстаўнікі Беларусі, прадстаўнікі сем’яў рэпрэсаваных. Вельмі важна, што польскія і беларускія экспэрты сустрэліся разам, і гэта ўсё будзе спрыяць больш эфэктыўнай палітыцы Польшчы адносна Беларусі».
На канфэрэнцыю ў Варшаву ня здолелі прыехаць кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, Мілана Міхалевіч і Тацяна Севярынец. Машыну, у якой ехала жонка вязьня КДБ Алеся Міхалевіча, перахапілі каля Баранавічаў ды эскартавалі назад у Менск, а ў маці вязьня «амэрыканкі» Паўла Севярынца ўлады адабралі пашпарт.
Выступ Міланы Міхалевіч зачытала кіраўніца арганізацыі «Салідарнасьць» Іна Кулей, падае радыё «Свабода».
Таксама прамаўлялі дырэктар беларускага ліцэю Ўладзімір Колас, праваабаронца Алесь Бяляцкі і дачка палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі Юлія Бандарэнка.
Канфэрэнцыя была арганізаваная тэлеканалам Белсат, радыё Рацыя, фундацыяй «Свабода і дэмакратыя», а таксама Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў варшаўскага унівэрсытэту, дзе навучаюцца беларускія студэнты па праграме Каліноўскага.