Навіны Навіны Руху

Народны рэферэндум пераменаў

Народны рэферэндум пераменаў

4171 прагляд Мінск
20 траўня ў Мінску Партыя БНФ, Рух «За Свабоду» і кампанія «Гавары праўду» прэзентавалі агульную стратэгію дзеянняў «Народны рэферэндум».

Лідары гэтых трох палітычных сілаў заявілі пра стратэгічнае партнёрства, пра супрацу па рэалізацыі доўгатэрміновай і канкрэтнай палітычнай праграмы. Яны падкрэсліваюць, што такое ў беларускай апазіцыі адбылося ўпершыню.

«Мы аб’ядноўваемся, ставячы на мэце палітычныя і эканамічныя змены, што немагчыма без змены ўлады», — сказаў лідар «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Зрэшты, гаворка не вядзецца пра нейкі закрыты блок некалькіх структур — «дзверы адчынены».

Ажыццяўленне плана «Народны рэферэндум» пройдзе праз тры электаральныя кампаніі — мясцовыя, парламенцкія, прэзідэнцкія выбары.

Павесткай «Народнага рэферэндума» стануць надзённыя пытанні, якія будуць вызначаныя большасцю грамадзян Беларусі. Някляеў нагадаў, што нечым падобным Рух «За Свабоду», Партыя БНФ і «Гавары праўду» ўжо займаюцца: гаворка адпаведна пра «Народную праграму», праграму нацыянальнай бяспекі і «Грамадзянскую дамову».

Цяпер вызначаць тое, якіх менавіта сістэмных зменаў жадаюць беларусы, апазіцыя будзем разам і больш актыўна.

«Краіна цяжарная пераменамі. 80% насельніцтва хочуць эканамічных пераменаў, палова — палітычных, чаго не было раней. Людзі хочуць пераменаў, лепшага жыцця, але мала хто можа сфармуляваць канкрэтна — якія перамены патрэбныя? І каму даручыць правядзенне рэформаў? Якая праграма прыдатная? Пры гэтым грамадства хоча эвалюцыйных, мірных пераменаў. Улада сама на іх не пойдзе. Два варыянты: альбо грамадства прымушае яе гэта зрабіць, альбо народі зробіць перамены з іншай уладай. То самае можна сказаць і пра апазіцыю, у якой народ пакуль не бачыць сілы, якая ведае, як праводзіць сур’ёзныя перамены. Апазіцыі трэба перастаць змагацца паміж сабой, гаварыць на адной мове з народам, абудзіць веру ў грамадстве», — разважае лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«Мы, Партыя БНФ, разглядаем „Народны рэферэндум“ як форму рэалізацыю лістападаўскага мемарандума ў падтрымку Рады БНР аб захадах у абарону незалежнасці Беларусі», — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. На яго думку, «разам будзе лягчэй адстойваць як палітычныя мэты кожнай арганізацыі, так і нацыянальныя інтарэсы Беларусі».

Адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заўважыў, што гаворка вядзецца пра шырокае аб’яднанне «усіх, хто кажа на кухнях, што так далей жыць нельга», каб грамадства не назірала на высілкі апазіцыі збоч і мела магчымасць выказаць свой пункт гледжання. Так паўстане «краіна новай большасці» — «большасці пераменаў»

Асноўныя тэмы для дыскусіі аб пераменах — эканамічнае развіццё, сацыяльная абарона, аднаўленне справядлівай і эфектыўнай дзяржавы.

Першы намеснік старшыні «За Свабоду» Юрась Губарэвіч паразважаў пра тое, ці рэальна сёння правядзенне рэферэндума без фальсіфкацый: «Нерэальна. Народны рэферэндум — гэта значыць, па правілах і пад кантролем грамадства. Улада не зможа „выйграць“ такі рэферэндум у народа».

Сапраўдны рэферэндум, па словах Губарэвіча, не павінен праводзіцца камісіямі, якія ладзілі ранейшыя галасаванні. Але каб камісіі былі іншымі, а назіральнікі мелі больш шырокія правы, апазіцыі патрэбна нарошчваць падтрымку грамадства. Гэтага можна дасягнуць толькі праз стасаванне з народам.

Ужо бліжэйшымі тыднямі па ўсёй Беларусі пачнецца серыя сустрэч і дыскусій дзеля фармавання павесткі дня «Народнага рэферэндума», у тым ліку з удзелам экспертаў. Будуць праводзіцца адмысловыя сацыялагічныя апытанні.

На мясцовых выбарах патэнцыйныя рэферэндумныя пытанні ўвойдуць у праграмы кандыдатаў з агульнага спісу.

«Не трэба баяцца, што пакуль з намі не ўся апазіцыя. Досвед паказвае, што калі шырокае кола, то можна ад пачатку забалбатаць працэс. Мы ў „тройцы“ доўга працавалі разам, каб выйсці з такім планам працы з людзьмі, што важна. Таму перакананы, нас многія актывісты падтрымаюць», — кажа Мілінкевіч. Па яго словах, «цягнік мусіць рухацца, а не стаяць на парах».

Дарэчы, як паведаміў Юрась Губарэвіч, падчас мясцовых выбараў пачнецца збор першых подпісаў за народны рэферэндум. Мэты сабраць неабходную колькасць для правядзення плебісцыту тады стаяць не будзе. Калі за апазіцыяй будзе большасць, паўстануць спачатку пытанні пра змены ў заканадаўстве, пра змены ў фармаванні выбарчых камісій. Тады можа быць запушчана фармальная працэдура ініцыявання рэферэндума пераменаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны