Навіны Навіны Руху

Барысаўчане змагаюцца за захаванне зялёнай зоны

Барысаўчане змагаюцца за захаванне зялёнай зоны

3507 Праглядаў Барысаў
У былым ваенным гарадку Печы сабрана больш за 750 подпісаў за захаванне ўнікальнага прыроднага асяроддзя мікрараёна, а таксама супраць адкрыцця цэнтральнай вуліцы для скразнога руху аўтатранспарту.

Калі патрабаванні такой вялікай колькасці людзей не будуць улічаны, грамадскі актыў Печаў плануе ажыццявіць пакватэрны абыход усіх жыхароў гарадка для таго, каб давесці колькасць сабраных подпісаў да яшчэ большай лічбы. Аднак у любым выпадку не заўважыць 750 подпісаў для раённых уладаў ужо будзе праблематычна, паведамляе barysau.by.

Учора "другая порцыя" копій подпісаў пад калектыўным зваротам (367 падпісантаў) былі афіцыйна дасланыя ў Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт, Барысаўскі раённы савет дэпутатаў, Мінскі абласны савет дэпутатаў, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства абароны, а арыгіналы подпісаў сёння былі зарэгістраваныя ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама. Гэта зрабілі актывісты Руху "За Свабоду" праваабаронца Алег Мацкевіч і сябра ГІ "За чысты Барысаў!" Сяргей Салаш.

Сёння ў аддзеле архітэктуры на вуліцы Чапаева яшчэ працягваецца так званае грамадскае абмеркаванне будаўніцтва піцэрыі ў Пячах – будаўніцтва, якое стала прычынай знішчэння здаровых дрэваў на вуліцы Сярэбранікава і, магчыма, стане прычынай адкрыцця цэнтральнай вуліцы для свабоднага руху аўтатранспарту. Праз два дні "абмеркаванне" будзе згорнутае і яшчэ на працягу дзесяці дзён можна будзе падаваць свае пісьмовыя заўвагі.

На сённяшні момант у журнале грамадскага абмеркавання зафіксаваны заўвагі толькі з боку двух вышэйпералічаных жыхароў гарадка, а таксама зарэгістраваны калектыўны зварот. Відавочна, што мясцовыя ўлады не жадаюць праводзіць паўнавартаснага абмеркавання на тэрыторыі Печаў з удзелам вялікай колькасці зацікаўленых жыхароў, таму прапанавалі варыянт найбольш складаны і непразрысты – наведванне кабінетаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама на вуліцы Чапаева.

"Грамадская кампанія працягваецца. Дрэвы абавязкова трэба захаваць, надаўшы цэнтральнай частцы Печаў статус рэкрэацыйнай, адпачынковай зоны, а "цэнтралцы" неабходна надаць статус пешаходнай зоны. Разам з тым неабходна развіваць інфраструктуру Печаў – і гэта ж не толькі піцэрыя!

Пячам неабходны рамонт пад’язных шляхоў і будаўніцтва новых парковачных месцаў у жылых дварах з максімальным захаваннем дрэваў. Пячам неабходны абсталяваныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. І, безумоўна, патрэбна будаваць новыя дамы, месцы пад якія можна было б знайсці па ўнутраным перыметры гарадка. Неканфліктных тэрыторыяў у Пячах больш, чым дастаткова", – мяркуе Сяргей Салаш.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны