Навіны Навіны Руху

Аляксандр Мілінкевіч: Дыялог — не гарантыя, але шанец захаваць для Беларусі еўрапейскую перспектыву

Аляксандр Мілінкевіч: Дыялог — не гарантыя, але шанец захаваць для Беларусі еўрапейскую перспектыву

3168 Праглядаў Брусэль
Выступ лідара Руху «За Свабоду» у Еўрапарламенце падчас канферэнцыі, прысвечанай Беларусі, якая адбылася 9 красавіка.

Аб’яднанай Еўропе патрэбны сур’ёзны аналіз усходняй палітыкі, бо тут назіраюцца негатыўныя паразныя тэндэнцыі. Павінна быць распрацавана і рэалізавана новая стратэгія — дзеля пашырэння дэмакратыі і стабільнасці на кантыненце. Геапалітычная сітуацыя мяняецца на горшае: замацоўваецца антыдэмакратычны і постімперскі рэваншызм. Еўразвязу патрэбна грунтоўная стратэгія канкрэтных захадаў, а не рыторыкі. Не словы пра пачуцці, а супольныя дзеянні.

Даводзіцца канстатаваць, што праграма Усходняе Партнёрства не нашмат прасунулася ў сваім ажыццяўленні: Крэмль паспяхова нейтралізуе гэтую ініцыятыву, не шкадуючы вялікіх рэсурсаў на ангажаванне ў сваю сферу ўплыву. У Расіі энэргія абслугоўвае палітыку, у Еўразвязе палітыка часта служыць энэргіі.

Ва ўсіх дзяржавах Усходняга Партнёрства сёння адбываюцца падобныя працэсы. Еўропы тут становіцца не больш, а менш. Масква ўжо ажыццяўляе паўзучую контрарэвалюцыю ў Грузіі і Малдове, якія было задэкларавалі паварот да ЕС, і намагаецца незваротна прывязаць да сябе краіну-сатэліт Беларусь. Расійскія грошы з поспехам пачынаюць прыватызоўваць уладу на постсавецкай прасторы і нават уплываць на палітычныя працэсы ў краінах — новых сябрах Еўразвяза.

Прычына паразаў усходняй палітыкі — у разнастайнасці і непаслядоўнасці стратэгій ЕС, у Расіі ж — адна ясная стратэгія супрацьдзення еўрапеізацыі і дэмакратызацыі былых савецкіх рэспублік. Нажаль, яшчэ нядаўна перасцярогі наконт рэваншысцкай палітыкі Крамля ўважаліся за русафобства і канспіралогію. Але сёння сітуацыя ілюструе, што гэта былі слушныя апасенні наконт неэфектыўнасці захадаў ЕС і наконт недаацэнкі контрзахадаў Масквы, якая адбудоўвае імпэрыю, дзе камунізм заменяць алігархі.

На саміце Уcходняга Партнёрства увосень гэтага года неабходна захаваць шанцы перадусім Грузіі, Украіны і Малдовы на асацыяцыю і на еўраінтэграцыю, нягледзячы на негатыўныя перамены апошняга часу ў гэтах краінах.

З Беларуссю больш складаная сітуацыя: тут варта спрыяць лібералізацыі і еўрааптымізму насельніцтва і ўладных эліт, захаваць «смак Еўропы».

Важны элемент паслядоўнай стратэгіі ЕС ва ўсходнім накірунку — цярпенне. Змена постсавецкага менталітэту патрабуе змены некалькіх пакаленняў, цыклы еўрапрагрэсу і рэгрэсу могуць паўтарацца, але ЕЗ не павінен у складаныя перыяды краінаў «шасцёркі» з Усходняга Партнёрства сказаць: не хочаце з намі — да пабачэння!

Аднаўленне імперыі не толькі запавольвае ўсталяванне дэмакратыі ў нашай частцы Старога кантынента і перакройвае ягоную мапу, але шкодзіць і самой Маскве. Безперспектыўная ідэя яшчэ больш аддаляе Расію ад еўрапейскай цывілізацыі і вядзе да супрацьстаяння з ёй.

Разам з тым, зразумела, што без дыялогу з Крамлём не абысціся. Патрэбна набліжэнне ЕС і Масквы, але не любым коштам. Яно павінна ладзіцца на празрыстых прынцыпах прагматычных стасункаў і з захаваннем каштоўнасцяў аб’яднанай Еўропы.

Сёння ідуць спробы аднаўлення кантактаў Беларусі і Еўразвяза. Ва ўмовах эканамічнага крызіса і пры ўзмацненні ціска Расіі, рэжым зацікаўлены ў павялічэнні экспарта, шукае інвестараў і крэдытнай падтрымкі. У беларускім урадзе ёсць міністры, якія разумеюць неабходнасць пераменаў, лібералізацыі і прыватызацыі, аднак Лукашэнка насцярожанна ставіцца да структурных рэформ. Спробы мадэрнізацыі пры захаванні жорсткага камандна-адміністрацыйнага кантролю пакуль не прыводзяць да плённых вынікаў.

Зразумела, што Еўропа стамілася ад Беларусі. З аднаго боку рэжым не дэмакратызуецца, але слабее, але і ўплыў дэмакратаў памяншаецца. Абсалютная большасць беларусаў выступае за перамены, але не ведае хто і як іх можа ажыццявіць. У гэтых умовах няма пазітыўнай альтэрнатывы абумоўленаму і крытычнаму дыялогу з Еўразвязам. Ён не гарантыя, але шанец захаваць для Беларусі еўрапейскую перспектыву. Санкцыі ЕЗ не вызваляюць палітвязняў, павялічваюць антызаходнія настроі, памяншаюць уплыў дэмакратаў, паскараюць эканамічную анэксію Расіяй. Крытыкам палітыкі дыялогу варта нагадаць, што ў сучаснай гісторыі Беларусі вязні сумлення выходзілі з турмы не ў выніку санкцый, а пасля візітаў Саланы і Младзенава, якія меліся распачаць дыялог. Падчас першага дыялога ў 2008-10 годы палітычныя рэпрэсіі змяншыліся больш, чым у тры разы (па дадзеных праваабаронцаў «Вясны»), значна ўзмацніліся праеўрапейскія настроі беларусаў, пашырыўся уплыў грамадзянскай супольнасці на працэсы ў краіне. Дыялог даваў Еўропе інструменты ўплыву на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі. Ён быў перарваны правакацыяй беларускіх спецслужбаў з расійскім следам.

Падзеі апошніх гадоў паказваюць — чым бліжэй да Еўропы, тым болей незалежнасці і правоў чалавека. Любы пазітыўны крок у бок Захада лепш, чым крокі, што вядуць да ўзмацнення залежнасці ад Расіі і страты суверэнітэту.

Нашым лозунгам мусіць быць: «Болей Еўропы ў Беларусь!» Болей кантактаў, абменаў, народнай дыпламатыі.

Шырокая супраца з уладамі можа распачацца толькі пасля вызвалення палітычных вязняў. Дыялог Еўразвяза з Беларуссю павінен рэалізоўвацца праз «дарожную мапу» пакрокавага збліжэння, «крок за крок». Галоўнай яго мэтай мае быць заваёва розумаў і сэрцаў беларусаў.

  • Патрэбна максімальнае спрашчэнне візавага рэжыму з паступовым пераходам да бясплатных шэнгенаўскіх візаў. Запэўніваю Вас, што гэта не прывядзе да всплеска нелегальнай міграцыі;
  • Неабходна практычная рэалізацыя ўмоваў аб малым памежным руху ў 50 км зоне на мяжы з Польшчай І Літвой;
  • Важна спрасціць для малога і сярэдняга бізнэса правілы стварэння і функцыянавання ў ЕЗ сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў;
  • Неабходна пашырыць магчымасці для беларусаў у атрыманні еўрапейскай адукацыі:паўнафарматны доступ да праграм ERASMUS, павялічэнне квот на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсіэтаў, у прафесійных стажыроўках у ЕЗ і ў праграмах абмена для прадсаўнікоў бізнэса, дзяржструктур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сэктароў;
  • Пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, працуючых у Беларусі, у тым ліку праэктаў па развіцці беларускай ідэнтычнасці і культуры.

Аб Еўрапейскім «Дыялогу для Мадэрнізацыі» болей скажуць мае калегі. Лічу гэты праэкт надзвычай важным і хацеў бы перш за ўсё звярнуць увагу на неабходнасць шырокай папулярызацыі гэтай працы па ўсёй краіне: праз круглыя сталы, канферэныі, дыскусіі, заангажаванне мясцовых эліт і медыя. Важна працягнуць у грамадстве дыскусію на тэму: «Пра якую Беларусь мы марым?». У выніку павінна паўстаць Народная Праграма і вера ў магчымасць яе рэалізацыі, вера ў сябе і ў еўрапейскую перспектыву краіны.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны