Навіны Навіны Беларусі

Распрацаваны турыстычны маршрут па мясцінах паўстання Каліноўскага

Распрацаваны турыстычны маршрут па мясцінах паўстання Каліноўскага

2906 Праглядаў Мінск
Бліжэйшая экскурсія будзе праведзена 13 красавіка, ідзе запіс на экскурсіі 18 і 25 мая.

Турыстычнае агенцтва "Дэльфін груп" распрацавала ўнікальныя маршруты, прысвечаныя 150-годдзю паўстання 1863–1864 гг. і памяці яго кіраўнікоў – ураджэнцаў Беларусі Кастуся Каліноўскага і Рамуальда Траўгута, паведамляе Тio.by.

Першая з экскурсій праходзіць па Брэсцкаму рэгіёну і ўключае ў сябе Мілавіды, Косава, Ружаны і Ласосін, дзе адбыліся знакамітыя бітвы паўстання, знаходзяцца шматлікія помнікі і месцы пахавання герояў. Другі маршрут пралягае ў гродзенскім кірунку. Яго асноўныя кропкі – Свіслач, дзе знаходзіцца гімназія, у якой вучыліся Траўгут, браты Каліноўскія, а таксама помнікі гэтым дзеячам, парк былога палаца Тышкевічаў, а яшчэ Поразава, Лыскава і Магілёўцы, дзе захавалася шмат памятных месцаў (сядзібаў).

"Першую экскурсію мы правялі ў канцы сакавіка, а наступная будзе праведзена 13 красавіка, ідзе запіс на экскурсіі 18 і 25 мая, – кажа дырэктар "Дэльфін груп" Алесь Дуко. – Гэта выклікае цікаўнасць як у моладзі, так і ў тых, каму далёка за 50. Наша аўдыторыя – гэта ў першую чаргу людзі, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі і жадаюць ушанаваць памяць герояў – змагароў за волю, роўнасць і братэрства".

Маршрут па брэсцкім кірунку каштуе 210 тысяч, па гродзенскім – 235 тысяч; для дзяцей прадугледжаны зніжкі.

Па словах Алеся Дуко, яшчэ некалькі экскурсій, прысвечаных гэтаму гістарычнаму перыяду, зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі – плануецца "распрацаваць маршрут па Заходнім Палессі: Піншчыне, Кобрыншчыне і іншых раёнах, бо там знаходзіцца шмат памятных месцаў, звязаных з Рамуальдам Траўгутам". Сам Траўгут нарадзіўся на тэрыторыі Камянецкага раёна, пасля нейкі час жыў у сучасным Маларыцкім раёне. У гэтых жа месцах актывізавалася баявая дзейнасць яго атрада.

Яшчэ адзін цікавы аб’ект у гэтым рэгіёне – сядзіба ў Людвінове і капліцца ў вёсцы Закозель, дзе пісьменніца Эліза Ажэшка разам з мужам хавалі ад вышуку Рамуальда Траўгута. Таксама распрацоўваюцца экскурсіі па Вілейшчыне, Мядзельшчыне, Браслаўшчыне і іншых рэгіёнах Беларусі.

Нагадаем, летась у чэрвені ў Беларусі абвешчана маштабная кампанія па папулярызацыі герояў паўстання 1863-1864 гадоў – Год Каліноўскага. Створаны адмысловы аргкамітэт з некалькіх дзясяткаў грамадскіх і культурніцкіх дзеячаў, сярод якіх Янка Запруднік, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Антон Астаповіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Аляксей Марачкін, Наста Палажанка, Барыс Пятровіч, Сяргей Харэўскі ды іншыя.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны