Навіны Навіны Беларусі

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» папросяць паласу дарогі і гукаўзмацненне

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» папросяць паласу дарогі і гукаўзмацненне

2770 Праглядаў Мінск
У Мінску адбылося паседжанне аргкамітэта па падрыхтоўцы «Чарнобыльскага шляху—2013».

На мерапрыемстве былі прадстаўнікі Руху "За Свабоду", АГП, БХД, грамадскага аб'яднання "Экадом", "Беларускага руху", партыі "Зялёныя".

Прынятае рашэнне адносна месца і часу правядзення шэсця і мітынгу ў гадавіну чарнобыльскай трагедыі 26 красавіка. Адпаведная заяўка будзе падрыхтаваная і накіраваная ў Мінгарвыканкам на наступным тыдні.

Паводле арганізатараў, збор удзельнікаў шэсця пачнецца а 18-й гадзіне каля кінатэатра "Кастрычнік". Маршрут пройдзе ўздоўж праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор. У парку "Дружбы народаў" запланаваны мітынг. Пасля яго заканчэння адбудзецца ўскладанне кветак і запальванне свечак каля Чарнобыльскай капліцы.

У заяўцы таксама будзе запісана просьба вызваліць для ўдзельнікаў шэсця адну паласу праезнай часткі і забяспечыць магчымасць карыстання гукаўзмацняльнай апаратурай на мітынгу ў парку.

Мяркуецца, што заяўку падпішуць прадстаўнікі Руху "За Свабоду", АГП, БХД і ГА "Экадом". Аформіць заяўку даручана Партыі БНФ.

Удзельнікі сустрэчы распавялі, што да 27-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі плануецца правядзенне круглага стала, панельнай дыскусіі, выпуск тэматычнага бюлетэня, падача заявак на правядзенне пікетаў у Астраўцы, арганізацыя паездкі ў чарнобыльскую зону.

"У прыватнасці, мы са свайго боку арганізуем публічны прагляд кінастужкі на чарнобыльскую тэматыку, а таксама збор сродкаў для дапамогі тых, хто лекуецца ў Бараўлянах", – зазначыў мінскі каардынатар Руху "За Свабоду" Юрась Меляшкевіч.

Аргкамітэт адкрыты для далучэння іншых структураў. Плануецца запрасіць да ўдзелу ў яго працы кампанію "Гавары праўду", Раду інтэлігенцыі, "Малады фронт", арганізацыю "Саюз ЧарнобыльБеларусь", партыі левага накірунку.

Наступнае паседжанне аргкамітэта адбудзецца 5 красавіка ў 10.30 у сядзібе Партыі БНФ.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны