Навіны Навіны Беларусі

Суд з-за Дня Волі?

Суд з-за Дня Волі?

1958 Праглядаў
Намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч абвінаваціў апазіцыю ў «распіле» 15 тысяч еўра гранту на Дзень Волі.

"Арганізатары Дня Волі атрымалі ад Еўрапейскага Саюза 15 тысяч еўра на святкаванне. Дзесяць тысяч еўра яны падзялілі, а 5 тысяч пайшло на арганізацыю акцыі”, — гаворыць намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Юрыст Павел Сапелка раіць падаваць на Гайдукевіча ў суд — за паклёп. Ці будуць арганізатары рабіць гэта, Еўрарадыё пацікавілася ў аднаго з заяўнікоў акцыі, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча:

“Мы з калегамі абмяркуем такі крок — я б сказаў, што не выключана, што зробім так. Бо відавочна, што тут распаўсюд непраўдзівых звестак, які дыскрэдытуе і наносіць шкоду гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі”.

Намеснік лідара Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч падпарадкуецца ў гэтым пытанні рашэнню большасці сяброў аргкамітэта. Але сам у судовым звароце бачыць мала сэнсу:

“Ён жа (Алег Гайдукевіч. — заўв. Еўрарадыё) прэтэндуе на ролю нейкага палітыка, аднаго з лідараў, на яго думку, найбуйнейшай і наймацнейшай партыі Беларусі. Калі ягонае выказванне зводзіцца да агучвання звычайных плётак альбо плявузгання, то гэта проста характарызуе яго як асобу. Не ведаю, ці павінны мы яму дапамагаць падаць у вачах грамадства — няхай займаецца гэтым самастойна”.

Сам Алег Гайдукевіч позве з суда будзе толькі рады. Маўляў, гэта будзе дадатковы піяр. Але на пытанне, якія доказы сваіх словаў ён здольны прадставіць, фактычна ўхіляецца ад адказу:

“Сваю інфармацыю мы чэрпаем ад людзей, якія знаходзяцца ў іх жа структурах, і якія нам яе прадстаўляюць. Будзем глядзець па развіцці падзей, ці варта гэтых людзей “свяціць”, ці дачакацца прэзідэнцкай кампаніі і тады на іх (апазіцыю. — заўв. Еўрарадыё) выліць усю праўду, якую мы будзем ведаць. Як нам будзе выгадна, так мы і будзем рабіць”.

Найперш, тлумачыць Павел Сапелка, Гайдукевіч можа заявіць, што “падчас слухання будуць агучвацца звесткі прыватнага характару”, і пасяджэнне зробяць закрытым:

“Быў выпадак, калі я прадстаўляў пазоўніка па такой жа справе, і прадстаўнікі аднаго з дзяржаўных СМІ проста сказалі, што ім гэтыя звесткі паведамілі прадстаўнікі КДБ. А прадстаўнікі КДБ сказалі, што ў іх сапраўды была такая аператыўная інфармацыя. І на гэтым працэс даказвання быў завершаны”.

Арганізатары Дня Волі, упэўнівае Юрась Губарэвіч, гатовыя апублікаваць усе рэальныя выдаткі на мерапрыемства. Праўда, пакуль дакладную лічбу не называе — яшчэ не вядома, на якую суму выставяць рахункі арганізатарам розныя гарадскія службы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны