Навіны Навіны Руху

Юрась Губарэвіч: Беларусь не павінна быць прададзена на латанне эканамічных дзірак

Юрась Губарэвіч: Беларусь не павінна быць прададзена на латанне эканамічных дзірак

1894 праглядаў Мінск
24 сакавіка ў Мінску пройдуць традыцыйныя шэсце і мітынг, прысвечаныя гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Збор удзельнікаў акцыі абвешчаны а 12-й гадзіне на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», затым плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 14 да 15 гадзін пройдзе мітынг.

У гэтым годзе арганізатары паспрабавалі выйсці за рамкі традыцыйнай акцыі Дня Волі, арганізаваўшы шэраг іншых мерапрыемстваў.

Як ідзе падрыхтоўка да Дня Волі — пра гэта «Беларускаму партызану» распавёў адзін з заяўнікаў, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

— Сярод заяўнікаў акцыі на Дзень Волі толькі Вы крытычна паставіліся да змены месца збору людзей: з пляцоўкі перад уваходам у Батанічны сад да кінатэатра «Кастрычнік». Чаму — баіцеся правакацый?

— Я не выказаў сумневу ні тым больш нязгоды з пераносам месца збору. Я крытычна паставіўся да рашэння Мінгарвыканкама, пра што публічна і выказаўся.

Змена месца збору ўдзельнікаў акцыі без папярэдняй згоды з арганізатарамі (Мінгарвыканкам фармальна мае такое права) ускладніла працу аргкамітэта. За тыдзень да акцыі нам трэба было папярэдзіць людзей аб змене месца збору.

Сама пляцоўка перад кінатэатрам «Кастрычнік» таксама мае шэраг нязручнасцяў: палова пляцоўкі агароджана, ідуць рамонтныя работы, звязаныя, мабыць, з пракладкай труб. Мне здаецца, што свабодная пляцоўка перад уваходам у Батанічны сад усё ж лепш, чым другі варыянт. Не думаю, што перанос месца збору паўплывае на выбар людзей — ісці ці не ісці на Дзень Волі.

Тым больш, што і пляцоўка перад кінатэатрам «Кастрычнік» мае свае плюсы: на гэтую пляцоўку ёсць прамы выхад з метро, гэта цэнтр горада, цэнтральны праспект.

Ці баюся я правакацый? Не думаю, наўрад ці замена месца збору звязана з гэтым.

— Дзень Волі — ужо праз два дні. Як ідзе падрыхтоўка да святкавання?

— У першую чаргу мы правялі прэс-канферэнцыю, распавялі ўсім журналістам аб планах, аб храналогіі падзей.

Мы стварылі групы ў сацыяльных сетках, якія займаюцца інфармаваннем людзей, распаўсюджваем друкаваныя матэрыялы. Але ў большай ступені мы разлічваем на электронныя СМІ — беларусы ўсё больш і больш карыстаюцца інтэрнэтам. У прынцыпе, для тых, хто шукае незалежную інфармацыю, а тым больш інфармацыю палітычную, не будзе складана знайсці ўсю інфармацыю.

— Колькі людзей гатова выйсці на вуліцы ў гэтым годзе?

— Цяжка прагназаваць, тым больш што зіма працягвае нас радаваць, нягледзячы на наступленне каляндарнай вясны. Мы разлічваем на актыўны ўдзел людзей, для якіх неабыякавая незалежнасць Беларусі.

Мы разумеем, што ў грамадстве пануе апатыя, створаная шматгадовымі высілкамі дыктатуры, адсутнасць свабоды слова, правоў чалавека. І ўсё ж спадзяемся, што страх не перашкодзіць беларусам выказацца за незалежнасць краіны.

— Чым адрозніваецца сёлетні Дзень Волі ад акцый папярэдніх гадоў?

— У гэтым годзе святкаванне Дня Волі ўключае ў сябе цэлы комплекс мерапрыемстваў — усе яны альбо ўжо праведзены, альбо адбудуцца ў бліжэйшыя дні.

За выключэннем святочнага мерапрыемства, якое павінна было адбыцца ў ДК МТЗ, — нам адмовілі ў памяшканні.

Сёння адкрываецца выстава мастацкай суполкі «Пагоня», прысвечаная гадавіне БНР, у першай палове дня 25 сакавіка адбудзецца святочнае ўскладанне кветак да помнікаў вядомым дзеячам Беларусі, а на Управе БНФ пойдзе канферэнцыя.

У гэтым годзе мы паспрабавалі істотна пашырыць фармат Дня Волі, паспрабаваўшы выйсці за рамкі традыцыйных шэсця і мітынгу.

— Арганізатары Дня Волі паспелі адрэагаваць на апошнія падзеі? Скажам, на абвешчаную продаж «Нафтана» расійскаму капіталу?

— Першы і асноўны лозунг Дня Волі — Беларусь павінна адбыцца і быць незалежнай дзяржавай — і палітычна, і эканамічна.

Беларусь праз бясталентныя дзеянні беларускага кіраўніцтва не павінна страціць тое, што належыць не толькі нам, але і будучай Беларусі, што з’яўляецца нацыянальным здабыткам: гэта і «Беларуськалій», і нафтаперапрацоўчыя заводы. Беларусь не павінна быць прададзеная на латанне эканамічных дзюр, у з’яўленні якіх вінаватая толькі ўлада.

І другі лозунг — вызваленне палітвязняў. Менавіта вызваленне палітвязняў, якія беспадстаўна пакутуюць у беларускіх турмах, дазволіць наладзіць і палітычнае, і эканамічнае супрацоўніцтва з цывілізаванымі краінамі, дазволіць правесці рэальную мадэрнізацыю эканомікі. А ў выніку — захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны