Навіны Аналітыка

Плошча-2010: сцэнар і папярэднія вынікі

Плошча-2010: сцэнар і папярэднія вынікі

4180 Праглядаў Мінск
Падчас агітацыйнай кампаніі большасць апазіцыйных кандыдатаў заклікалі сваіх прыхільнікаў выйсці 19 снежня на плошчу, каб падтрымаць свой выбар і выступіць супраць фальсіфікацыяў. Пры гэтым кандыдатамі ў прэзідэнты адкрыта не агучваліся ні задачы, ні сцэнар гэтага мерапрыемства. Падкрэслівалася толькі, што акцыя будзе выключна мірнай, хаця Мікола Статкевіч і паспяшаўся ўзяць на сябе ўсю адказнасць за тое, што адбудзецца на плошчы.

Элементы выканання нейкага загадзя распрацаванага сцэнару не прасочваліся і пад час самой акцыі пратэсту. Так, выглядае, што арганізатары не ведалі, што рабіць з вялікай колькасцю ўдзельнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Па прашэсці амаль гадзіны ад пачатку акцыі было вырашана рухацца да Адміністрацыі Прэзідэнта, каб патрабаваць у Лукашэнкі «вызваліць рэзідэнцыю». З аднаго боку — гэта быў нядрэнны тактычны ход, бо ў натоўпу з’явілася хоць нейкая мэта і з’явілася надзея, што акцыя не будзе распушчаная, як тое было ў 2006 годзе. З іншага боку — заклік да паходу на Рэзідэнцыю, або да Дому Ўраду ствараў пагрозу сутыкненняў з міліцыяй і войскамі, што ўжо выходзіла б па-за рамкі заяўленай мірнай акцыі. Пра гэта арганізатары не маглі не ведаць, але тым не менш было неабходна прадэманстраваць рэалізацыю хоць нейкага папярэдне ўзгодненага плану.

Паколькі першая спроба прайсці да Адміністрацыі не мела поспеху, план зноў змяніўся і вырашана было ісці да плошчы Незалежнасці па ўжо занятаму дэманстрантамі праспекту Незалежнасці. Рух па праспекце дадаў да ўдзельнікаў акцыі яшчэ некалькі тысячаў чалавек (у асноўным, «гледачоў») і дадаў упэўненасці як мітынгоўцам, гэтак і іх лідэрам.

Каля 21.30 мітынг працягнуўся ўжо на плошчы Незалежнасці, адначасова распачаліся першыя спробы штурму Дома Ўраду, дзе ў гэты час працаваў Цэнтрвыбаркам. Паводле словаў арганізатараў, у прыватнасці Віталя Рымашэўскага, (фота- і відэаматэрыялы гэта пацвярджаюць), штурм быў распачаты правакатарамі, якія білі шкло і ламалі дзверы пры дапамозе паднесенага некім рыштунку. Былі спробы спыніць гэтыя дзеянні, аднак сілы дружыны было недастаткова, і многія ўдзельнікі акцыі пратэсту самі ў хуткім часе далучыліся да спробаў увайсці ў будынак. Гэты было падмацавана ідэяй кандыдатаў у прэзідэнты аб правядзення перамоваў з уладамі і перадачы ім петыцыі. Хроніка падзеяў ад Хартыі-97, размешчаная на Фэйсбуку, аднак, сведчыць пра тое, што штаб Андрэя Саннікава цалкам падтрымліваў ідэю штурма Дому Ўраду і што штурм здзяйсняюць удзельнікі акцыі, а не правакатары, як тое падавалі журналісты і іншыя кандыдаты ў прэзідэнты.

Як бы там не было, спроба штурму Дома Ўрада стала падставай для сілавога разгону акцыі пратэсту, які скончыўся масавым збіццём і затрыманнем яе ўдзельнікаў і прысутнічаўшых на мітынгу кандыдатаў у прэзідэнты . Адсутнасць агульнага кіравання акцыяй дазволіла спецназу хутка раздзяліць масу народу на некалькі частак і выціснуць іх з плошчы.

Пра адсутнасць дэтальна прапрацаванага плану дзеянняў (і тым больш плану сілавога захопу ўрадавых будынкаў), апрача сказанага, сведчаць таксама праблема з гукаўзмацняльнай апаратурай, адсутнасць кіруючых груп з мегафонамі, якія павінны накіроўваць і інфармаваць асноўную масу ўдзельнікаў, адсутнасць альтэрнатыўных сродкаў сувязі для каардынацыі дзеянняў (сотавая сувязь не вытрымлівае нагрузкі падчас шматлюдных акцыяў і яе неабходна дубляваць рацыямі), адсутнасць эфектыўнай і дастатковай аховы ключавых асобаў (Няклаеў быў лёгка нейтралізаваны як толькі выйшаў з офісу), брак інфармацыі пра дзеянні спецназу і войскаў (дасягаецца маніторынгам адпаведных частотаў спецслужб).

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што акцыя апазіцыі 19 снежня не мела загадзя спланаванага сцэнару і была імправізацыяй. Апазіцыйныя кандыдаты не кантралявалі ўдзельнікаў акцыі, якіх яны самі і заклікалі выйсці на вуліцу; яны дзейнічалі сітуацыйна, што ўрэшце і прывяло да сутыкненняў з міліцыяй пасля шэрагу правакацыяў, супрацьстаяць якім арганізатары апынуліся ня ў стане.

Лідэры

Чаго дамагаліся арганізатары акцыі і якія мэты перад сабой ставілі? Паводле афіцыйнай версіі кандыдаты ў прэзідэнты рыхтавалі мірную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Пры гэтым акцыя супраць фальсіфікацыі выбараў і за прызначэнне новых выбараў павінна была пачацца да афіцыйнага аб’яўлення вынікаў выбараў. Відавочна, што Плошча павінна была стаць кульмінацыяй агітацыйных кампаніяў кандыдатаў, менавіта дзеянні падчас Плошчы, а не афіцыйныя вынікі галасавання, мусілі выбудаваць ерархію сярод апазіцыі і вызначыць лідэра. Менавіта той, хто будзе наперадзе і будзе праводзіць перамовы з уладамі — і стане новым лідэрам апазіцыі.

Выглядае, што задачай-мінімум у арганізатараў «Плошчы» было сабраць шматлюдную акцыю пратэсту, прадэманстраваўшы тым самым сваю здатнасць мабілізаваць значны чалавечы рэсурс на пратэстныя дзеянні супраць сістэмы. Важна было таксама мець хаця б нейкі вынік ад акцыі пратэсту (перамовы з ўладамі, сутычка са спецназам, выбары лідэра апазіцыі на плошчы і г.д.), каб не паўтарыць сітуацыю 19 сакавіка 2006 года, за якую сённяшнія кандыдаты ў прэзідэнты крытыкавалі Аляксандара Мілінкевіча.

Задачай-максімум, мяркуючы па ўсяму, была рэалізацыя нейкага варыянту «каляровай рэвалюцыі» пры ўмове, што на вуліцы выйдзе дастаткова вялікая колькасць людзей. У такім разе, лідэры апазіцыі, проста ўзначалілі б пратэст і выкарысталі ягоныя вынікі. Паўторымся, прыкметаў якога-небудзь распрацаванага сцэнару і арганізаваных дзеянняў з боку апазіцыі не назіралася. Гаворка вядзецца выключна пра індывідуальныя чаканні і пастаноўку задач, якія маглі б рэалізавацца пры збегу спрыяльных фактараў.

Менавіта для матывацыі масавай мабілізацыі (у той час, калі яшчэ не былі вядомыя афіцыйныя вынікі галасавання) была запушчаная інфармацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі і выкарыстаная апазіцыяй інфармацыя пра «альтэрнатыўныя незалежныя» экзіт-полы і апытанні, паводле якіх Лукашэнка не перамагаў у першым туры. Так, паводле дадзеных апытання на выхадзе з выбарчых участкаў, якое праводзілася расійскім Агенцтвам эфэктыўных камунікацый INSIDE, на 14 гадзінаў (больш позняй інфармацыі не было) за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 37,8%, а за альтэрнатыўных кандыдатаў у агульнай колькасьці 42%. Гэтая інфармацыя была змешчаная на сайце «Радыё Свабода» са спасылкай на прэсавага сакратара кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука Ганну Красуліну. Яна была перадрукаваная «Хартыяй-97» і затым выкарыстаная на Плошчы. Аднак дырэктар агенцыі INSIDE Ганна Нясмеева абвергла ўдзел агенцыі ў правядзенні экзіт-полаў у Беларусі.

Падобная ж гісторыя і з іншымі «альтэрнатыўнымі» экзіт-поламі, якія нібыта праводзіліся ўкраінскай і расійскай кампаніямі: інфармацыя пра факт правядзення апытанняў або не пацвярджаецца, або маюцца сур’ёзныя прэтэнзіі да методыкі і рэпрэзентатыўнасці гэтых апытанняў. Незалежны садарожнікавы канал «Белсат», на прыклад, адмовіўся раскрыць назву арганізацыі, якая праводзіла на яго замову апытанне выбарцаў.

Рознасць мэтаў адразу падзяліла кандыдатаў, сфармаваўшы тры выразныя групы: першая — тыя, хто пад час кампаніі раскручваў перадусім самога сябе і не заклікаў на плошчу (Ус, Цярэшчанка і Міхалевіч), другія — палітыкі, якія заклікалі да мірнага пратэсту, але ня ўдзельнічалі ў барацьбе за лідэрства ў апазіцыі (Костусеў і Раманчук) і трэція — група галоўных прэтэндэнтаў на лідэрства ў апазіцыі (Някляеў, Саннікаў, Статкевіч і Рымашэўскі).

Апошняй групе былі неабходныя актыўныя дзеянні і актыўнае супрацьстаянне ўладам, якое магло легітымізаваць іх як вулічных лідэраў і вызначыць статусы ў апазіцыйным раскладзе на паслявыбарчы перыяд. Менавіта гэтая трэцяя група была найбольш актыўная напярэдадні акцыі пратэсту і пад час яе (за выключэннем Някляева, які так і не дайшоў да Плошчы). Менавіта гэтая група ініцыявала і ўзначаліла шэсце да плошчы Незалежнасці, менавіта гэтыя палітыкі патрабавалі перамоваў з урадам, і менавіта яны ня здолелі прадухіліць напад на Дом Ураду. Аднак адной з пастаўленых мэтаў яны дамагліся — стварылі імідж вулічных лідэраў, гатовых да актыўных дзеянняў. Наступнае зняволенне толькі падмацуе гэты імідж. Дарэчы, такое раздзяленне лідэрскіх роляў наўпрост паўтарае раздзяленне роляў паміж Мілінкевічам і Казуліным у 2006 годзе (Мілінкевіч заклікаў разысціся, Казулін павёў на Акрэсціна і справакаваў разгон).

Акцыя 19 снежня і яе наступствы патэнцыйна спрыяюць адкату ўнутрыпалітычнай і замежнапалітычнай сітуацыі вакол Беларусі да стану 2006 году, калі беларускія ўлады знаходзіліся пад дзеяннем санкцыяў, а палітычная апазіцыя мела поўную манаполію на кантакты з Захадам. Але ці ставілі кандыдаты ў прэзідэнты, ў прыватнасці, найбольш радыкальныя з іх, такую мэту — невядома.

Удзельнікі

Трэба адзначыць, што ўзровень актывізму і пратэстных настрояў у грамадстве быў яўна недаацэнены аналітыкамі і назіральнікамі. Акцыя 19 снежня сабрала больш удзельнікаў, чым меркавалася напярэдадні (па розных ацэнках, у акцыі ўзялі ўдзел ад 15 да 30 тысяч чалавек).

На карысць гэтага згуляла адносна свабодная па беларускіх мерках выбарчая кампанія, якая многіх пазбавіла страху перад існуючай уладай і страху перад удзелам у несанкцыянаваных акцыях. Вольны збор подпісаў, адкрытая агітацыя, дэбаты паміж кандыдатамі, мноства заходніх назіральнікаў стварылі атмасферу, падобную да той, якая панавала ў Кіеве ў 2004 годзе. Многія ўдзельнікі акцыі 19 снежня проста прыйшлі паглядзець на каляровую рэвалюцыю, як яны ходзяць глядзець на салют 3 ліпеня. Калі ў 2006 годзе ўдзельнікі Плошчы былі гатовыя да ўсяго (ім нават пагражалі расстрэлам), то зараз сілавога разгону і хапуна не чакаў амаль ніхто.

Варта дадаць яшчэ і тое, што неспадзяваную масавасць Плошчы нельга запісваць выключна ў актыў апазіцыйных лідэраў, якія, маўляў, нягледзячы на няўдачы могуць мабілізаваць значны чалавечы рэсурс. Альтэрнатыўныя кандыдаты сталі толькі трыгерам для масавай акцыі пратэсту 19 снежня: людзі ў масе сваёй выйшлі не для таго каб падтрымаць апазіцыю, а каб выказаць пратэст сістэме — за падман, за фальсіфікацыі, за пагарду да той часткі насельніцтва, якая традыцыйна выступае апанентам існуючай улады і яе курса.

Улады

Пытаннем з пытанняў застаецца — навошта брутальны разгон быў патрэбны ўладам? Бо ён, вядома, ніяк не паспрыяе прызнанню выбараў Захадам і не палепшыць так неабходныя адносіны з Брусэлем. Адным з нешматлікіх рацыянальных тлумачэнняў такой неапраўданай жорсткасці пры разгоне ёсць неабходнасць аднаўлення атмасферы страху, якая была істотна падарваная вольніцай пад час выбарчай кампаніі. Бо калі не прадэманстраваць сілу і рашучасць улады — заўтра (калі пагоршыцца эканамічная сітуацыя ці здарыцца яшчэ якая неспадзяванка) на вуліцы Мінску можа выйсці і 100 тысяч і паўмільёны. Гэты сцэнар падмацавала яшчэ і своечасова заключанае замірэнне з Расіяй, што забяспечыла хай сабе часовы, але тыл для беларускага кіраўніцтва.

Акрамя гэтага, дамогшыся пагаднення з Масквой, Лукашэнка мог вярнуцца да ранейшай палітыкі захопу палітычных закладнікаў, якіх можна потым дорага «прадаваць» Захаду ў абмен на саступкі і крэдыты.

Нейтралізацыя і раскол апазіцыі пасля Плошчы можа таксама мець на мэце зачыстку палітычнага поля для стварэння «канструктыўнай», кіруемай апазіцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў і разбудовы ўласнай партыі ўлады. Калі рэалізуецца сцэнар трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі ў прэзідэнцка-парламенцкую (пра гэта ўжо не раз заяўляла Л. Ярмошына), то такія захады могуць быць вельмі дарэчнымі і своечасовымі.

Брутальны фінал выбараў быў таксама выгадны беларускім «сілавікам», таму што ён ставіць крыж на паляпшэнні адносінаў з Еўрасаюзам і, адпаведна, спрыяе павелічэнню вагі ўласна «сілавікоў» у кіраванні краінай, сцвярджае іх як галоўную апору рэжыму. Таму нельга адкідаць і версію пра тое, што менавіта кіраўнікі сілавых ведамстваў прадставілі прэзідэнту сітуацыю такім чынам, што той вымушаны быў даць загад жорстка разагнаць акцыю пратэсту.

І яшчэ адна дэталь: карцінка «беспарадкаў» і «спробы дзяржаўнага перавароту» запоўніла сабой увесь тэлеэфір, не пакінуўшы месца абмеркаванню лічбаў галасоў і самога працэсу галасавання. Пра лічбы ў паслявыбарчыя дні ўвогуле амаль не згадвалі ні ўладныя СМІ, ні апазіцыйныя. Тлеючае абурэнне незаангажаваных у палітыку людзей, якое магло перарасці ў шырокі грамадскі пратэст (неабавязкова вулічны), пераключылася на карцінку бунта і асуджэнне радыкалаў-пагромшчыкаў. Як гэта не парадаксальна, але разгон акцыі пратэсту і «прызнанні» апазіцыйных палітыкаў былі ператвораныя ў інфармацыйны шум, які заглушыў праблему фальсіфікацыі пад час выбараў. Магчыма ён і планаваўся, як манеўр для адцягвання ўвагі ад ўласна вынікаў выбараў.

Варта таксама падкрэсліць, што ўлады і ў гэты раз апынуліся выдатна падрыхтаванымі да дзеянняў апазіцыі. Шмат якія ўрокі Плошчы-2006 былі вывучаныя, шмат у чым улада дзейнічала на апераджэнне. Выглядае так, што ўся апазіцыйная акцыя пратэсту прайшла па сцэнару ўлады і пад яе поўным кантролем. Кандыдаты ў прэзідэнты, якія прымалі актыўны ўдзел у падзеях 19 снежня нават і блізка не стварылі належных перамоўных пазіцыяў і не выкарысталі масавасць акцыі і пратэстны настрой у грамадстве ў цэлым.

Высновы

1. Падзеі Плошчы яшчэ раз пацвердзілі слабасць і расколатасць апазіцыі, яе няздольнасць арганізоўваць і кантраляваць масавыя вулічныя акцыі пратэсту. Дзеянні беларускіх уладаў (у прыватнасці, прымус да пакаяння, які ўносіць яшчэ большы раскол у стан апазіцыі) могуць прывесці да канчатковай маргіналізацыі апазіцыйных партыяў і стварэння ўмоваў для фармавання «канструктыўнай апазіцыі яго вялікасці», якая будзе дэманстраваць канкурэнтны палітычны працэс, але не ствараць перашкоды для дзеянняў уладаў (асабліва, калі ўрад вырашыць праводзіць эканамічную лібералізацыю, захоўваючы аўтарытарную палітычную мадэль). Найбольш «непрымірымая» частка апазіцыі ў новых умовах можа абраць шлях яшчэ большай радыкалізацыі і нелегальнай палітычнай барацьбы.

2. Пратэстны патэнцыял грамадства выявіўся большым, чым меркавалася дагэтуль. Аднак пратэст накіраваны нават ня столькі на дзеючага кіраўніка дзяржавы, колькі на саму сістэму кіравання і машыну фальсіфікацыі выбараў і падману насельніцтва. Глыбінныя змены ў беларускім грамадстве выяўляюцца яшчэ і ў росце салідарнасці і магчымасці да самаарганізацыі, як гэта яскрава паказала праца па дапамозе рэпрэсаваным. Магчыма, гэтая трансфармацыя паспрыяе нараджэнню лідэраў новай генерацыі і апазіцыі новага тыпу, пабудаванай на ўнутраных рэсурсах і ўнутранай легітымнасці.

3. Улада, як і раней, выяўляе высокі ўзровень адаптыўнасці да сітуацыі і гатоўнасці абараняць сябе любымі сродкамі. Спадзевы з боку некаторых апазіцыйных лідэраў на раскол наменклатуры пад уздзеяннем канфлікту з Расіяй і прапановаў з боку Брусэлю не спраўдзіліся; улада засталася маналітнай і добра кіраванай. Надзея на перамовы з урадам з выкарыстаннем фактару вуліцы таксама апынулася марнай. Апазіцыйныя кандыдаты не здолелі стварыць належных перамоўных пазіцыяў для таго, каб вымусіць дзейнага прэзідэнта да дыялогу на роўных. Наадварот, А. Лукашэнка здолеў прадэманстраваць (апазіцыі, выбаршчыкам, наменклатуры, знешнім актарам) абсалютны кантроль над сітуацыяй, падрыхтаванасць да любых сцэнароў і гатоўнасць ужываць сілу, калі гэта спатрэбіцца.

Крыніца: www.belinstitute.eu

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны