Навіны Аналітыка

Мілінкевіч: Крэмль паспяхова нейтралізуе Усходняе Партнёрства

Мілінкевіч: Крэмль паспяхова нейтралізуе Усходняе Партнёрства

2618 Праглядаў
Старшыня Руху «За Свабоду» падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрасаюзу 14 сакавіка заявіў пра дастаткова ўдалыя спробы постімперскага рэваншызму Расіі і неабходнасць сур’ёзнага аналізу ўсходняй палітыкі Аб’яднанай Еўропы.

Аляксандр Мілінкевіч гаварыў пра гэта на закрытым саміце Еўрапейскай народнай партыі ў Бруселі, на які з’ехаліся лідары многіх краін ЕС і еўрасаюзаўскіх структур. У прыватнасці, у саміце ўзялі ўдзел старшыня Еўрапейскага савета Херман ван Рампей, старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэм’ер-міністр Швецыі Фрэдрык Рэйнфельт, прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ды іншыя.

«Аб’яднанай Еўропе патрэбны сур’ёзны аналіз усходняй палітыкі, бо тут назіраюцца негатыўныя паразныя тэндэнцыі. Павінна быць распрацавана і рэалізавана новая стратэгія — дзеля пашырэння дэмакратыі і стабільнасці на кантыненце. Геапалітычная сітуацыя мяняецца на горшае: замацоўваецца антыдэмакратычны і постімперскі рэваншызм. Еўрасаюзу патрэбна грунтоўная стратэгія канкрэтных захадаў, а не рыторыкі. Не словы пра пачуцці, а супольныя дзеянні», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч на саміце ЕНП.

Даводзіцца канстатаваць, сказаў лідар Руху «За Свабоду», што праграма Усходняе Партнёрства не нашмат прасунулася ў сваім ажыццяўленні: «Крэмль паспяхова нейтралізуе гэтую ініцыятыву, не шкадуючы вялікіх рэсурсаў на ангажаванне ў сваю сферу ўплыву. У Расіі энергія абслугоўвае палітыку, у Еўразвязе палітыка часта служыць энергіі».

На думку Мілінкевіча, ва ўсіх дзяржавах Усходняга Партнёрства сёння адбываюцца падобныя працэсы: «Еўропы тут становіцца не больш, а менш. Масква ўжо ажыццяўляе паўзучую контррэвалюцыю ў Грузіі і Малдове, якія было задэкларавалі паварот да ЕС, і намагаецца незваротна прывязаць да сябе краіну-сатэліт Беларусь. Расійскія грошы з поспехам пачынаюць прыватызоўваць уладу на постсавецкай прасторы і нават уплываць на палітычныя працэсы ў краінах — новых сябрах Еўрасаюзу».

Прычына паразаў усходняй палітыкі — «у разнастайнасці і непаслядоўнасці стратэгій ЕС, у Расіі ж — адна ясная стратэгія супрацьдзеяння еўрапеізацыі і дэмакратызацыі былых савецкіх рэспублік». Апрача таго, лічыць Аляксандр Мілінкевіч, «часта перасцярогі наконт рэваншысцкай палітыкі Крамля ўважаліся за русафобства і канспіралогію. Але сёння сітуацыя ілюструе, што гэта былі слушныя апасенні наконт неэфектыўнасці захадаў ЕС і наконт недаацэнкі контрзахадаў Масквы, якая адбудоўвае імперыю, дзе камунізм заменяць алігархі».

Мілінкевіч заявіў, што на саміце Уcходняга Партнёрства увосень гэтага года неабходна захаваць шанцы перадусім Грузіі, Украіны і Малдовы на асацыяцыю і еўраінтэграцыю, нягледзячы на негатыўныя перамены апошняга часу ў гэтах краінах.

З Беларуссю больш складаная сітуацыя: «Тут варта спрыяць лібералізацыі і еўрааптымізму насельніцтва і ўладных эліт, захаваць «смак Еўропы».

Важны элемент паслядоўнай стратэгіі ЕС ва ўсходнім накірунку — цярпенне, адзначыў лідар Руху: «Змена постсавецкага менталітэту патрабуе змены некалькіх пакаленняў, цыклы еўрапрагрэсу і рэгрэсу могуць паўтарацца, але ЕС не павінен у складаныя перыяды краінаў „шасцёркі“ з Усходняга Партнёрства казаць: не хочаце з намі — да пабачэння!»

Між тым, падкрэсліў Мілінкевіч, аднаўленне імперыі не толькі запавольвае ўсталяванне дэмакратыі ў нашай частцы Старога кантынента, перакройвае ягоную мапу, але шкодзіць і самой Маскве: «Бесперспектыўная ідэя яшчэ больш аддаляе Расію ад еўрапейскай цывілізацыі і вядзе да супрацьстаяння з ёй. Разам з тым, зразумела, што без дыялогу з Крамлём не абысціся. Збліжэнне ЕС і Масквы патрэбна, але не любым коштам. Яно павінна ладзіцца на празрыстых прынцыпах прагматычных стасункаў і з захаваннем каштоўнасцяў Аб’яднанай Еўропы».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны