Навіны Навіны Беларусі

У гадавіну расстрэлу Кавалёва стаў вядомы адказ на наглядную скаргу на прысуд

У гадавіну расстрэлу Кавалёва стаў вядомы адказ на наглядную скаргу на прысуд

2820 Праглядаў Мінск
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала не знайшоў ніякіх парушэнняў у дзеяннях судовых і следчых органаў у справе Канавалава-Кавалёва. Пра гэта паведамілі праваабаронцы на адмысловай прэс-канферэнцыі ў офісе Руху «За Свабоду».

На пытанні журналістаў адказвалі маці Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва, праваабаронцы Раман Кісляк (актывіст Руху "За Свабоду"), Павал Левінаў (БХК) і Людміла Гразнова ("Праваабарончы альянс").

"Уладзіслаў убачыў, што яго падтрымліваюць, што ён не адзін. І адмовіўся ад паказанняў, якія яго прымусілі падпісаць следчыя органы", – адзначыла Людміла Гразнова. Паводле яе слоў, трэба правесці вялізную працу, каб стаўленне грамадства да смяротнага пакарання змянілася.

"Мы павінны пераканаць людзей, што Беларусь павінна як мага хутчэй увайсці ў супольнасць еўрапейскіх дзяржаў і адмяніць такую ганебную з'яву, як забойства ад імя сваіх грамадзян", – дадаў Павел Левінаў.

Праваабаронцы будуць патрабаваць ад уладаў, каб яны афіцыйна паведамілі, які орган выканаў расстрэл. Адпаведную заяву ў прысутнасці журналістаў падпісала Любоў Кавалёва. Наступным крокам, паводле Рамана Кісляка, будзе высвятленне месца пахавання Уладзіслава Кавалёва.

"Магчыма прысуд выканаў КДБ, бо менавіта там утрымліваўся Кавалёў. Яле гэта здагадкі, нам патрэбна афіцыйная інфармацыя. Забароны на выдачу такіх звестак у законе няма. Будзем абскарджваць, калі нам не дадуць такой інфармацыі", – адзначыў Раман Кісляк.

Што тычыцца замацаванай беларускім заканадаўствам забароны на выдачу цела расстралянага, тут, паводле Рамана Кісляка, мае месца канфлікт прававых нормаў. Замацаваная законам нявыдача цела парушае артыкул 7 Пакта "Аб грамадзянскіх і палітычных правах". Камітэт ААН раней наўпрост заяўляў, што дадзеная норма патрабуе перагляду.

Раман Кісляк лічыць, што не варта спадзявацца выключна на міжнароднае ўздзеянне на беларускую дзяржаву ў сувязі з тым, што яна ігнаруе выкананне абавязальніцтваў па супрацы ў межах ААН: "Мы як праваабаронцы самі павінны дабівацца, каб гэтыя парушэнні дзяржава надалей не дапускала". Ён нагадвае, што грамадскі рэзананс вакол справы Канавалава-Кавалёва прымусіў улады больш сур'ёзна ставіцца да меркавання грамадзянскай супольнасці, аператыўна рэагаваць на запыты сваякоў, больш строга трымацца нормаў закону.

Праваабаронцы наважаны надалей працаваць на выяўленне фактаў парушэння правоў чалавека з боку дзяржавы і распаўсюджваць пра іх інфармацыю.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны