Навіны Аналітыка

Мілінкевіч: Патрэбна «дарожная мапа» пакрокавага збліжэння Беларусі і Еўрасаюзу

Мілінкевіч: Патрэбна «дарожная мапа» пакрокавага збліжэння Беларусі і Еўрасаюзу

3007 Праглядаў Афіны
Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч 7-8 сакавіка ўзяў удзел у сустрэчы лідараў і кіраўнікоў нацыянальных дэлегацый Еўрапейскай народнай партыі ў Афінах. У прыватнасці, палітык выступіў з прамовай падчас дыскусіі аб паглыбленні адносін Еўрасаюзу з іншымі краінамі на ўсходнім кірунку. Разам з Аляксандрам Мілінкевічам ад Украіны выступаў Віталь Клічко, лідар партыі «УДАР».

«Нягледзячы на ​​тое што для ЕС цяпер галоўная праблема — эканамічная сітуацыя ў Грэцыі, Іспаніі, Італіі, на гэтай сустрэчы ўсё роўна арганізуецца адмысловае абмеркаванне ўсходняй палітыкі: як умацаваць незалежнасць постсавецкіх рэспублік і спрыяць рэформам. Гэта добры знак для нас», — так Мілінкевіч пракаментаваў дыскусію.

У сваёй прамове падчас яе лідар Руху «За Свабоду» зазначыў, што ў выніку эканамічных праблем, у тым ліку праз пагаршэнне пазіцый на расійскім рынку, улады Беларусі вымушаны аднаўляць стасункі з Еўрапейскім Саюзам, бо для Беларусі важна павелічэнне экспарту ў краіны ЕС і пошук мадэрнізацыйных тэхналогій.

Пры гэтым палітык заявіў, што ў беларускім урадзе ёсць міністры, якія разумеюць неабходнасць эканамічнай лібералізацыі і прыватызацыі: «Аднак Аляксандр Лукашэнка стрымлівае структурныя рэформы. Спробы ж мадэрнізацыі пры захаванні жорскага камандна-адміністрацыйнага кантролю наўрад ці прывядуць да плённых вынікаў».

«Нягледзячы на тое, што цяперашнія ўлады Беларусі паказалі сябе непаслядоўным і складаным партнёрам і што патэнцыял дыялогу паміж ЕС і Беларуссю вельмі абмежаваны, тым не менш ён можа прывесці да змяншэння рэпрэсій, павелічэння праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве, пашырэння вакна магчымасцяў для грамадзянскай супольнасці, а таксама лібералізацыі эканамічнага жыцця. Любы пазітыўны крок у бок Захаду лепш, чым крокі, што вядуць да ўзмацнення залежнасці ад Расіі і страты суверэнітэту», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч у Афінах.

Слушным лідару Руху «За Свабоду» ўяўляецца «ажыццяўленне дыялогу праз „дарожную мапу“ пакрокавага збліжэння, дзе галоўная мэта — заваёвы розумаў і сэрцаў беларусаў». Напрыклад, праз спрашчэнне візавага рэжыму з ЕС па прыкладзе Польшчы і Літвы: «Апошнімі гадамі, нягледзячы на самаізаляцыю рэжыму, колькасць паездак беларусаў у краіны ЕС вырасла ў некалькі разоў. Гэта прынесла эканамічныя выгады нашым суседзям і не прывяло да ўсплёску нелегальнай міграцыі».

Мілінкевіч назваў і іншыя кірункі дапамогі з боку Еўрасаюзу: «Вельмі важна пашырыць стыпендыяльныя праграмы ЕС для беларускіх студэнтаў і праграмы падрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў у розных галінах — яны стануць у будучым праваднікамі рэформаў. Неабходна шырокая падтрымка з боку ЕС малога і сярэдняга бізнэсу. Таксама вельмі важна падтрымліваць праекты па развіцці беларускай ідэнтычнасці і культуры».

Гэта, на думку старшыні Руху «За Свабоду», «паспрыяе адкрытасці беларускай эканомікі і грамадства, прывядзе ў будучым і да палітычных трансфармацый».

Разам з тым асабліва Мілінкевіч падкрэсліў, што «бясспрэчнай перадумовай для дыялогу застаецца вызваленне ўсіх палітычных зняволеных».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны